Шыфр
612Г000480
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1593 г. - 1596 г.
Стыль
Барока
Апісанне
Кляштар бенедыкцінак у Нясвіжы пабудаваны ў канцы XVI ст. з ініцыятывы князя Мікалая Радзівіла “Сіроткі” і яго жонкі Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх. Да гэтага часу ў Вялікім княстве Літоўскім не было жаночага кляштара, а таксама адукацыйнага асяродка для дзяўчат са шляхецкіх сем’яў каталіцкага веравызнання. Гэта акалічнасць, а найперш, імкненне забяспечыць навучанне і выхаванне прадстаўніц жаночай паловы роду Радзівілаў, і стала асноўнай прычынай намеру першага нясвіжскага ардыната стварыць на сваіх землях кляштар з такімі функцыямі.
5 верасня 1591 г. дзесяць манашак-бенедыкцінак або законніц начале з Ганнай Свентаслаўскай былі ўрачыста сустрэтыя Мікалаем Радзівілам і яго крэўнымі ў Міры і ў суправаджэнні князя дастаўлены ў Нясвіж. Першапачаткова яны пасяліліся ў драўляных будынках абнесеных высокай драўлянай агароджай, часова прыстасаваных пад кляштар.
Падмуркі кляштара на выбраным у паўднёвай частцы горада месцы былі закладзены 13 мая 1593 г. А 5 кастрычніка 1596 г. бенедыкцінкі ўжо засяліліся ў новы будынак. На наступны год, 12 чэрвена 1597 г., была праведзена першая імша ў касцёле. Асвячэнне святыні ў гонар св. Яўфіміі, якое здзейсніў жмудскі біскуп Мельхіёр Гедройц, адбылося 19 ліпеня 1598 г., па іншых звестках, у 1597 г. Трэба адзначыць, што ў некаторых крыніцах пачаткам будаўніцтва касцёла значыцца 1590 г.
У 1745 г. быў выкананы амбон касцёла ў стылі позняга барока з элементамі ракако ў дэкаратыўнай разьбе. У 1738 – 1757 гг. Фларэнціна Хжаноўская была ігуменняй нясвіжскага кляштара, яна (ці хто з яе крэўных) і стала заказчыцай амбона.
15 ліпеня 1877 г. кляштар быў скасаваны. 15 манашак выслалі ў Вільню і 5 у кляштар брыгітак у Гродне. У хуткім часе касцёл прыстасавалі пад царкву, а жылыя карпусы кляштара пад казармы. Алтары, амбон, арган і інш. былі вывезены ў касцёл у Новай Мышы, частка срэбраных рэчаў, літургічныя тканіны былі перададзеныя ў Віленскую катэдру, вялікі звон – у Нясвіжскі фарны касцёл, 3 малыя званы – у Капыль.
У 1920 – 1945 гг. кляштар аднавіў сваю дзейнасць.
Нягледзячы на тое, што кляштар і касцёл былі адаптаваныя для патрэб дыслакацыі вайсковых падраздзяленняў, а таксама выконваліся пазнейшыя работы па прыстасаванні будынкаў пад адукацыйныя і жылыя патрэбы, яго архітэктурныя асаблівасці захаваліся без якіх-небудзь істотных зменаў. Іканаграфічныя і пісьмовы крыніцы, спалучаныя з матэрыяламі натурных даследаванняў комплексу, у выпадку патрэбы, дазваляюць правесці яго рэканструкцыю на паслябудаўнічы перыяд XVI ст., а таксама аднавіць архітэктурны ансамбль, што быў створаны ў выніку перабудовы ў XVIII ст.
Сучаснае выкарыстанне -Комплекс будынкаў спецыялізаваных для адукацыі і выхавання, рэшткі абарончых збудаванняў горада, ідэнтыфікаваны як помнік гістарычны.