зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Мастацтва выцінанкі Гомельскай вобласці

Апісанне

       Мастацтва выцінанкі Гомельскай вобласці ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе. Гэта складовая частка агульна-нацыянальнай намінацыі «Беларускае мастацтва выцінанкі», якая з’яўляецца другім (пасля мастацкіх практык саломапляцення) у нашай краіне прыкладам нематэрыяльнай спадчыны, што ахоплівае ўсе рэгіёны.

       Выцінанка («выразанка», «выстрыганка», «выбіванка») уяўляе сабой ажурны ўзор, выразаны з белай ці каляровай паперы. Выцінанкі бываюць геаметрычнымі, расліннымі і нават сюжэтнымі, з выявамі людзей ці жывёл.

       Узнікненне выцінанкі на Беларусі звязваецца з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і датуецца прыкладна ХV стагоддзем. Шырокае распаўсюджванне і росквіт выразанне з паперы атрымлівае ў афармленні сялянскага інтэр’еру з сярэдзіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Асартымент ажурных вырабаў з паперы складаюць сурвэткі, аконныя фіранкі, карункі для ўпрыгожвання паліц, абразоў, рамак з фотаздымкамі і інш. Звычайна выцінанкамі штогод упрыгожвалі жыллё кожны год да найбольш важных свят – Каляд і Вялікадня. Упрыгожванне вокнаў да навагодніх свят папяровымі сняжынкамі паўсюдна захавалася ў побыце беларусаў да нашых дзён. 

       Сучасная беларуская выцінанка – вельмі адметная і самастойная мастацкая з’ява. Даследчыкі кажуць аб адраджэнні гэтага віду народнай творчасці ў апошнія два дзесяцігоддзі. Адыход ад практычных і ўтылітарных функцый, набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці, імкненне і здольнасць адлюстраваць любую тэму прывялі да іншага стаўлення да выцінанкі.

       У творчасці сучасных майстроў-выцінаншчыкаў, нягледзячы на разнастайнасць тэм і прыёмаў, прасочваецца сувязь з традыцыяй. Тэматыка твораў рознабаковая – ад адлюстравання побыту, фальклору, міфалогіі, традыцыйных свят і абрадаў, замалёвак народнага жыцця, помнікаў архітэктуры да глыбока філасофскіх сюжэтаў. Кожны чалавек можа займацца выцінанкай, выразаць кветкі, рабіць закладкі ў кніжкі, пано ў інтэр’еры. Гэта дэмакратычны від мастацтва, якім можа займацца любы чалавек, у любым узросце, не абавязкова мець надзвычайныя здольнасці.