зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Брэсцкай вобласці

Апісанне

Стравы з цёртай бульбы не набылі свайго вызначанага месца ў абрадавым жыцці жыхароў паўднёвага захаду Беларусі. Менавіта таму, што бульба атрымала распаўсюд нядаўна, адносна фармавання вераванняў і традыцый беларускага этнасу. Але феномен такіх страў, у тым, што менавіта на тэрыторыі нашай краіны яны атрымалі найвялікшае масавае распаўсюджванне з неверагоднай колькасцю варыянтаў прыгатавання. Распаўсюджванне дранікаў і страў з бульбы на сучасным этапе абумоўлена паўсюдным вырошчваннем бульбы, як на калгасных палях, так і на прыватных зямлях. Амаль штодзённая масавая падрыхтоўка дранікаў і страў з бульбы паспрыяла натуральнаму існаванню і далейшаму развіццю элемента на тэрыторыі ўсёй Брэсцкай вобласці.

У кожнай сям'і ёсць шэраг рэцэптаў з таркаванай бульбы (дранікі, бабка, бульбяныя бліны і г.д.). Такія стравы сталі сапраўды брэндавым гастранамічным прадуктам і візітнай карткай краіны. І, вядома, самую вялікую колькасць варыянтаў прыгатавання маюць дранікі.

На Брэстчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: "полюбэныки" (аг. Снітава Іванаўскага раёна), "дэруны", "картопляныки", "аладкі" (в. Перхавічы Баранавіцкага раёна). У класічным рэцэпце дранікаў тры інгрэдыенты: бульба, таркаваная цыбуля і соль, і вось вакол гэтага простага рацэпта ўзнікаюць кулінарныя шэдэўры, створаныя з дапамогай ведаў, навыкаў, густу і фантазіі гаспадынь. Так, у Драгічынскім раёне ў в. Бездзеж, дранікі смажаць на сале і падаюць з «макухай» («макуха – высушанае насенне лёну і перацёртае ў ступцы), у Пінскім раёне ў в. Парэчча і Клятная рыхтуюць «блинцы картопляныи з вэрэшчакой», а ў в. Аранчыцы Пружанскага раёна любяць рыхтаваць «аладкі з ліскамі са смятанай» і г.д.

Стравы з таркаванай бульбы шырока выкарыстоўваюцца, як хатнімі гаспадынямі, так і ў турыстычным і рэстаранным бізнэсе. У кожным рэстаране ці аграсядзібе можна паспрабаваць брэндавыя бульбяныя блінцы (дранікі) і ацаніць смак беларускай бульбы.

На Брэстчыне, ва ўстановах культуры вобласці, існуе шмат аматарскіх аб'яднанняў кулінарнага напрамку, удзельнікі якіх дзеляцца сакрэтамі, навыкамі і ведамі аб сваіх традыцыях прыгатавання страў з бульбы, праходзяць гастранамічныя фестывалі. Яскравым прыкладам з'яўляецца гастранамічны міжнародны фестываль "Мотальскія прысмакі", дзе стравы з таркаванай бульбы, побач з іншымі пачастункамі, займаюць значную частку.