Шыфр
712Г000080_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1642 - 1648 гг.
Апісанне
Будаўніцтва касцёла, хутчэй за ўсё, пачалося ў 1642-45 гг., аднак закончана было, верагодна, не хутка. Доказам гэтых меркаванняў можа служыць тое, што ў 1656 г. згадваюцца толькі 2 мураваныя будынкі на плошчы - ратуша і касцёл дамініканскага манастыра. Заслугоўвае ўвагі таксама згадванне ў "Візітах…" даты асвячэння касцёла - 1687 г. У 1697 г. стольнік М.А. Талстой, які ехаў праз Мінск, бачыў абодва мураваныя касцёлы - мужчынскага і жаночага бернардзінскіх кляштараў ужо закончанымі. У гэты перыяд, хутчэй за ўсё, быў пабудаваны мураваны кляштарны корпус, бо ў 1740 г. гэты корпус быў ужо не новы. "Рапарт… аб кляштары бернардзінак мінскіх…", складзены ў 1797 г. паведамляе толькі, што "кляштар і касцёл мураваныя… пры іх будынкі драўляныя, патрабуюць рамонта…". Касцёл значна пацярпеў ад пажару ў 1835 г. У 1852 г. жаночы бернардзінскі кляштар быў скасаваны. У наступным 1853 г. "уся сядзібная зямля з касцёлам і іншымі мураванымі і драўлянымі пабудовамі былі перададзены пераведзенаму са Слуцка св. Троіцкаму мужчынскаму першакласнаму манастыру". У пачатку 1860-х гадоў былы касцёл бернардзінскага кляштара быў асвячоны ў праваслаўны храм у імя Кірылы і Мяфодзія. У кляштарным корпусе размясцілася духоўная семінарыя з вучылішчам. У 1863 г. будынкі былога бернардзінскага кляштара і касцёла былі пашкоджаны пажарам, згарэлі дахі. У 1869 г. на сродкі, выдзеленыя Сінодам, царква і жылы корпус адрамантаваны. Пасля рамонта і канчатковага пераезда сюды манахаў са Слуцка ў 1870 г. адбылося адкрыццё новага манастыра, асвячонага ў імя Святога Духа (указ Сінода 11 мая 1870 г.). У тым жа годзе ў царкве пастаўлены два новыя іканастасы, 22 кастрычніка асвечаны галоўны прыдзел, 1 снежня - прыдзел Кірылы і Мяфодзія правы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны прытвор да паўночнай сцяны сабора. У пачатку 1950-х гг. праведзены ўнутры і звонку рамонтныя работы, каб сабор мог функцыянаваць. . У 1955 г. завершаны капітальны рамонт. У 1960-ыя гг. абноўлены інтэр'ер, створаны прыдзел Святой Барбары з часцінкай яе мошчаў, прыдзел Казанскай іконы Маці Божай, рака з мошчамі праведнай Сафіі Слуцкай, прыдзел Кірылы і Мяфодзія ў крыпце. Рэстаўрацыйныя работы былі працягнуты ў канцы 1970-ых - пачатку 1980-ых гг.
Сабор у плане ўяўляе сабою трохнефавую базіліку; галоўны неф завершаны трохграннай апсідай, а бакавыя - рызніцамі з крыжовымі скляпеннямі. А. Ярашэвіч заўважае, што Ігумен Мікалай меў рацыю, назваўшы ў 1870 г. архітэктуру храма "італьянскай". Яго прастора ўнутры адзначана нейкай няўлоўнай дыхтоўнасцю прапорцый і ўтульнай прастатой. Нефы аддзелены, па сутнасці, чатырма пілонамі, галоўны неф болей чым удвая шырэйшы за бакавыя, таму храм робіцца прасторнейшым. Усе тры нефы перакрыты паўцыркульнымі скляпеннямі з люнетамі і падпружнымі аркамі, абапёртымі на пілястры. Верхнія аконныя праёмы, шырока раскрытыя ўнутр, рассейваюць па галоўнаму нефу святло зверху. Як прынята было ў архітэктуры барока, знешні вобраз храма стварае манументальны галоўны фасад з пяціяруснымі вежамі, якія выступаюць за лініі бакавых нефаў. Ярусы значна змяншаюцца пры руху позірку ўверх, зрокава павялічваючы вышыню вежаў, і без таго немалую (каля 30 м).Лічыцца, што сучасны воблік у стылі позняга барока храм набыў пры аднаўленні пасля пажару 1741 г. У апісанні Свята-Духава манастыра (1879) нават сказана, што касцёл пабудаваны у апошняй чвэрці XVIII ст. Сапраўды, такія яго рысы, як трохнефавы план, скляпенне на падпружных арках, зусім не характэрны для бернардзінскіх касцёлаў 2-ой палавіны XVII ст. у Беларусі. Па меркаванню А. Ярашэвіча, маецца вялікае падабенства фасадаў мінскага храма і касцёла францысканцаў у Івянцы, а агульны сілуэт храма збліжае яго з саборам (былы бернардзінскі касцёл 1760-ых гг.) у Мазыры. Аднак паведамленне стольніка П. Талстога пра мінскіх бернардзінак, якія ўзнімаліся на хоры па ходзе ў сцяне, сведчыць пра мураваную сцяну касцёла ў 1697 г.Трэба адзначыць, што перабудова касцёла бернардзінак на праваслаўны храм выканана вельмі ашчадна: цалкам захаваны яго знешні барочны воблік, у сярэдзіне ацалелі познебарочныя структуры архітэктурных алтароў. Разны трох'ярусны іканастас у царкоўна-акадэмічным стылі канца XIX ст. упісаны ў прастору прэсбітэрыя.У саборы знаходзіцца абраз Маці Божай, прызнаны ў 1672 г. цудатворным. Свята Мінскай іконы Маці Божай - 13 жніўня.