Шыфр
111Г000724
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, г. Брэст, заходняя ўскраіна горада
Апісанне
Брэсцкая крэпасць пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы старажытнага горада, на астравах, утвораных рэкамі Заходні Буг і Мухавец, іх рукавамі і сістэмамі каналаў. Крэпасць складалася з 4-х умацаванняў: Цэнтральнага (Цытадэлі), Цярэспальскага (Заходняга), Валынскага (Паўднёвага) і Кобрынскага (Паўночнага). Галоўным абарончым вузлом крэпасці была Цытадэль-востраў, апярэзаная замкнёнай двухпавярховай казармай даўжынёй 1,8 км са сценамі (з вонкавага боку) таўшчынёй 1,9 м. Цытадэль была пабудаваная на месцы гандлёва-рамеснага цэнтра горада.
Першы камень Цытадэлі закладзены 1 чэрвеня 1836 года. Крэпасць будавалася па праектах рускіх ваенных інжынераў-генералаў К.І. Опермана, М. М. Малецкага і палкоўніка А. І. Фельдмана. 26 красавіка 1842 года крэпасць ўключана ў склад дзеючых.
Для патрэб крэпасці прыстасоўваліся або перабудоўваліся цэрквы, манастыры і касцёлы старога горада. Частка кругавой абарончай казармы Цытадэлі была разбурана ў верасні 1939 г., у перыяд нападу Германіі на Польшчу.
Найбольш значныя разбурэнні крэпасць зведала падчас Вялікай Айчыннай вайны, асабліва ў чэрвені-ліпені 1941г. Нягледзячы на вялікія пашкоджанні, выкліканыя ваеннымі дзеяннямі, будынак Паўднёвай казармы, размешчаны на ўчастку паміж Холмскімі і Тэрэспальскімі варотамі, захаваўся, і быў адрамантаваны ў пасляваенны час.