Шыфр
112Г000621_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1763 - 1785 гг.
Стыль
Позняе барока
Апісанне
Троіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1763 - 1785 гг. з цэглы ў стылі так званага “віленскага барока”. Ёсць меркаванне, што аўтарам праекта касцёла быў прыдворны архітэктар Сапегаў - Ян Самуэль Бэкер, які ў гэты перыяд часу працаваў над палацавым комплексам ў мястэчку Ружаны, што недалека ад Лыскава.
Касцёл крыжападобны ў плане, аднавежавы, з прамавугольнай алтарнай часткай і 2 сакрысціямі. Вежа чатырох'ярусная, плаўна выступае на асноўнай плоскасці галоўнага заходняга фасада. Асноўнае памяшканне касцёла зальнае, яно і алтарная частка перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя крылы трапсепта і сакрысціі - крыжовымі. Размалёўка паўночнага крыла трансепта імітуе архітэктурную ордэрную пластыку.
У 1818 г. па адным звесткам да касцёла прыбудоўваецца вежа, па іншым - вежу на касцёле давялося перабудаваць: яна была пашкоджана прыроднай стыхіяй.
Пасля 1864 г. касцёл быў перададзены праваслаўным вернікам. У 1866-1868 гг. Троіцкі касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву і набыў рысы класіцызму, работы праводзіліся пад наглядам архітэктара Ф. Афанасьева. Праваслаўную царкву асвяцілі ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы.
22 ліпеня 1880 г. ад маланкі згарэў гонтавы дах царквы, засталася толькі мураваная частка. У 1883-84 гг. пад кіраўніцтвам інжынера П.І. Залатарова царкоўна-будаўнічым падрадам з Гродна праведзена рэстаўрацыя: адноўлены скляпенні, кроквенныя канструкцыі даху і пакрыццё. На званарні з’явіўся новы купал, а на астатнім будынку жалезны дах. У царкве захоўваўся асабліва шануемы абраз святой Багародзіцы.
У апошні раз царква рамантавалася ў 1914 г. У справаздачы аб храме за 1918 г. адзначалася, што пры немцах (у гады Першай сусветнай вайны) у сярэдняй яго частцы размяшчаўся лазарэт, а пасля склад для збожжа. У кастрычніку 1921 г. Лыскаўская царква была зноў пераўтворана ў касцёл.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў касцёле ўтрымлівалі палонных салдат і партызан. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл перадалі ў карыстанне вернікам, аднак у 1960-я гг. храм быў зачынены, а каталіцкая абшчына скасавана.
У 1990-я гг. у храме планавалася правесці рэстаўрацыйныя работы, але па нейкім прычынам работы не былі распачаты.