Шыфр
413Г000724_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён, г.п. Мір, на поўнач ад замка
Датаванне
пер. пал. XVII ст.
Стыль
Рэгулярны сад італьянскага тыпу, пейзажны парк
Апісанне
На поўнач ад Мірскага замка размяшчаецца тэрыторыя рэгулярнага саду. Яна абмежаваная з паўночнага захаду вуліцай Замкавай, з паўночнага ўсходу вуліцай Танкістаў, з паўднёвага ўсходу тэрыторыяй УА “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”, з паўднёвага захаду мяжуе з тэрыторыяй 1-га пускавога комплексу. Рэгулярны сад – былы “італьянскі сад” – займае тэрыторыю 5,7 га. Ландшафтныя кампазіцыі XVII–XVIII стст. страчаныя. З боку вуліцы Замкавай уздоўж сажалкі захаваліся ліпы, высаджаныя ў XVIII ст., ва ўсходняй частцы парку захаваліся фрагменты шпалер з ліпы драбналістай і чорнай таполі, узрост якіх 110–140 гадоў. Па стылістычных характарыстыках рэгулярны сад у Міры з’яўляўся тыповым прыкладам “італьянскага саду”, распаўсюджанага ў XVI–XVIII стст. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
У XVIII ст. былі істотна зменены памеры і планіровачнае рашэнне рэгулярнага саду. Найбольш дэталёвае апісанне “італьянскага саду” захавалася ў інвентары, які датаваны 3 красавіка 1746 г. Паводле інвентарнага вопісу ў аснове барочнай кампазіцыі ляжалі алеі-вуліцы, “абсаджаныя шпалерамі рознага дрэва”, “з абодвух бакоў (алей) знаходзяцца квадраты” – 25 квадратаў (“кватэр”) рознага памеру, шэсць з іх мелі ”вуглаватую форму”. “Кватэры” абсаджвалі парэчкамі, агрэстам, лавандай. У квадратах раслі пладовыя дрэвы, выгадоўваліся прышчэпы, некаторыя квадраты выкарыстоўваліся як садкі аптэчных траў (“зёлак”), іншыя былі прабаранаваны і падрыхтаваны для вырошчвання агароднінных культур. Пяць квадратаў займалі вішнёвыя дрэвы, адзінкавыя яблыні і грушы, адзін – парнікі з агуркамі, тры квадрата пуставалі. У некаторых квадратах знаходзіліся адзінкавыя расліны арэха грэцкага, вінаграду, “куст Букавіны”. За садам размяшчаліся дом садоўніка, фігарня (аранжарэя), гаспадарчыя пабудовы, цяпліцы, за домам садоўніка – агарод. Сад быў абгароджаны драўляным парканам. У аранжарэі з бруса з 24-ма вокнамі ў бочках раслі апельсіны, лімоны, інжыр, мірт, кіпарыс, самшыт, лаўр, чырвонае дрэва, італьянскі арэх. У летні перыяд расліны выстаўляліся ў парку. Лавачкі пакрывалі дзярнінай.
У гады Другой сусветнай вайны ў глыбіні былога “італьянскага саду” было расстраляна больш за паўтары тысячы яўрэяў. У пасляваенны час на гэтым месцы быў усталяваны мемарыяльны знак.
Зараз на тэрыторыі былога рэгулярнага (“італьянскага”) саду растуць зялёныя насаджэнні ў выглядзе масіваў, маюць высокую шчыльнасць і разнастайны, рознаўзроставы асартымент. Насаджэнні зараслі падростам і самасевам. Былыя ландшафтныя кампазіцыі страчаны. Існуючы вадаём выконвае функцыю сажалкі-адстойніка. Уздоўж сажалкі і ва ўсходняй частцы парку захаваліся фрагменты шпалер з ліпы драбналістай і чорнай таполі, узрост якіх 110–140 гадоў. Гэтыя элементы абмяжоўваюць тэрыторыю “італьянскага саду”, вызначаючы яго шырыню.