зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

410Г000317

комплексны аб’ект

Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1520-я гг. XVI ст.

Стыль

Спалучэнне гатычнага, рэнесанснага, барочнага стыляў і архітэктурнага рашэння “palazzo in fortezza” ў інтэр’ерах і экстэр’еры Мірскага замка з фартыфікацыйнымі ўмацаваннямі прамежкавай пазіцыі паміж стараітальянскай і старагаландскай сістэмамі абарончага вала, тэрыторыяй рэгулярнага саду італьянскага тыпу, пейзажным паркам са ставам, капліцай-пахавальняй князёў Святаполк-Мірскіх з рысамі неараманскага і неарускага стыляў і мадэрна, мазаічным абразам на яе фасадзе, выкананым у акадэмічным стылі, эклектычнай уязной брамай з домікам вартаўніка, флігелем у неакласічным стылі і прыдарожнай капліцай у неарускім стылі

Апісанне

Замкавы комплекс уключае ў сябе ўласна замак XVI–XX стст., абарончы вал XVI–XVII стст. з паўночнага, заходняга і ўсходняга бакоў, тэрыторыю рэгулярнага сада XVII–XVIII стст. на поўнач ад замка, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай (1903–1909 гг.), стаў, пейзажны парк, флігель, рэшткі падмуркаў палаца Святаполк-Мірскіх на ўсход ад замка канца XVI – пачатку XX стст., прыдарожную капліцу 1909 г. з паўднёва-заходняга боку замка.

 Плошча замкавага комплексу складае 25,443 га, з іх паркавая зона з сажалкай займае 19,8 га.

I перыяд будаўніцтва Мірскага замка ў гатычным стыле, на думку большасці даследчыкаў, укладаецца ў 1522–1526 гг. Пры Юрыі Іванавічы Іллінічы былі ўзведзеныя пяць вежаў, якія злучаліся паміж сабою сценамі. Мірскі замак быў першым прыватным мураваным замкам у Вялікім Княстве Літоўскім.

II перыяд фарміравання Мірскага замка – рэнесансны (1569–1689), які адлюстраваў змены эпохі готыкі на ідэалы Рэнесансу, пачаўся пасля смерці ў 1569 г. Юрыя Іллініча-малодшага, пры Радзівілах. Пры Мікалаі Крыштафе Радзівіле па мянушцы “Сіротка” ўздоўж паўночнай і ўсходняй сцен быў пабудаваны трохпавярховы палац, перабудаваны тры вуглавыя вежы, да ўязной вежы прыбудавана прадбрам’е, якое павінна было ўмацаваць абарону праезда. Работы па рэканструкцыі замка пачаліся каля 1575 г. і завяршыліся ў 1594 г. Мірскі замак набыў рысы італьянскага рэнесансу.

Адначасова па загаду Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы “Сіротка” вакол Мірскага замка ў 1580–1590-я гг. былі насыпаны абарончыя валы. У той час яны дасягалі ў вышыню 10–12 м, сёння – 3,5–4 м. Па вуглах былі зроблены бастыёны. За абарончымі валамі быў выкапаны роў, які запаўнялі вадою пры дапамозе сістэмы ставаў. 

III перыяд пераўтварэння Мірскага замка – барочны – доўжыўся з 1689 да 1800 гг. Агульная пабудова фасадаў замка засталася нязменнай ад канца XVI ст. У гэты перыяд змены галоўным чынам датычыліся інтэр’ераў і да нашага часу не дайшлі. Падчас археалагічных раскопак знойдзена пячная кафля і посуд. 

З усходняга боку ў XVII ст. размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, у пазнейшыя часы тут існаваў замкавы фальварак, які ў XIX ст. называлі Замір’ем. У 1688 г. бліз замка існавалі 5 ставаў і 2 сажалкі з 4 млынамі. У апошнія гады XVII ст. (магчыма ў 1690-я гг.) на поўнач ад замка быў закладзены рэгулярны сад (у вопісах замка называецца “італьянскі сад”) у рэнесансным стылі. 

Сувязь паміж замкам і садам для княжацкіх асоб ажыццяўлялася па пешаходным мосце, які быў “вымураваны” у 1699 г. Археолагамі выяўлены сляды моста на сцяне замка і на паўночнай курціне вала.

У 1720–1730-я гг. вялікія залы ў палацы Мірскага замка былі падзеленыя на малыя памяшканні з дадатковымі печамі, перакрыцці часткова замянілі на цагельныя замест драўляных, адрамантавалі і пабудавалі лесвіцы, печы, вокны, студню, ганак пры вежы і стайню пад валам. З'явілася падоўжаная анфіладная сістэма памяшканняў, пазалота ляпніны на столі і кафелі на печах, малюнак і профілі адхілаў у вокнах.

Напалеонаўская вайна 1812 г. паклала канец барочнаму, з элементамі ракако ў інтэр’ерах, перыяду існавання Мірскага замка.

Маёнткі Дамініка Радзівіла імператарскім распараджэннем ад 17 сакавіка 1814 г. былі падзелены на дзве часткі. Адну частку разам з Мірам і Нясвіжам атрымаў траюрадны брат Дамініка, князь Антоній Радзівіл, другую – дачка Дамініка – Стэфанія, якая ў 1828 г. выйшла замуж за царскага ад’ютанта графа Льва Пятровіча Вітгенштэйна, сына героя вайны 1812 г. Судовыя разборы паміж імі і Радзівіламі наконт Мірскага замка закончыліся ў 1846 г. З гэтага часу па 1891 г. Мірскім замкам валодалі Вітгенштэйны.

У 1891 г. маёнтак Замір’е з замкам быў прададзены наказному казацкаму атаману Войска Данскога князю Мікалаю Іванавічу Святаполк-Мірскаму. Па яго загаду ў 1896–1898 гг. на адной восі з гатычным замкам былі пабудаваны каменны двухпавярховы палац у формах неакласіцызму, за ім – спіртзавод, з паўднёвага боку флігель і лядоўню. Перад палацам заклалі траўнік з прыпаднятым пад’язным кругам, які захаваўся да нашага часу. Дом па кутах аформілі туямі і групамі бэзу, уздоўж будынка высадзілі каштаны конскія. Ад заходніх ветраў сядзібу ахоўвалі таполі белыя. Новы палац стаў асноўным кампазіцыйным цэнтрам замкавага комплексу. 

Падчас Першай сусветнай вайны ў маі 1917 г. салдаты рэзерву і тылу рускай арміі палка Сакарапытоўскага разграмілі сядзібу князеў Святаполк-Мірскіх, а палац спалілі. Канчаткова палац быў зруйнаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны. У сярэдзіне XX ст. ён быў разабраны на цэглу. На яго месцы выраслі дрэвы. Да нашага часу часткова захаваліся скляпеністыя падвалы і рэшткі падмуркаў палаца, якія ў 2020 г. закансервавалі і абгарадзілі. 

Па загаду жонкі князя М.І. Святаполк-Мірскага, Клеапатры Міхайлаўны, з усходняга боку ад замка ў 1903–1909 гг. была пабудавана фамільная капліца-пахавальня ў стылі мадэрн з рысамі неараманскага і неарускага стыляў па праекту пецярбургскага архітэктара Р.Р. Марфельда. На франтальнай грані званіцы быў аб’ёмны, зроблены ў тэхніцы чаканкі картуш з выявай фамільнага герба Святаполк-Мірскіх. Картуш быў значна пашкоджаны падчас падзення ў 1980-я гг., яго рэшткі былі знойдзены падчас правядзення рэстаўрацыйных работ. Хімічныя даследаванні картуша выявілі фрагменты каляровага роспісу, які з цягам часу быў страчаны. 

Мазаічны абраз “Спас Пантакратар”, які ўпрыгожвае фасад капліцы-пахавальні з левага боку, выкананы ў візантыйскай традыцыі па адной з версій па эскізу пецярбургскага мастака М.М. Харламава ва ўласнай майстэрні У.А. Фралова, па другой – мазаічыстам з Познані ў пары з мясцовым майстрам. Аднак, ні першая, ні другая версіі дагэтуль дакументальна не пацверджаны. 

У крыпце капліцы, разлічанай на 20 пахаванняў, маецца шэсць. Яны належаць прадстаўнікам роду Святаполк-Мірскіх. Пасля заканчэння будаўніцтва тут былі перапахаваны князь Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі і яго сын Уладзімір (раней былі пахаваны ў склепе Мікалаеўскай царквы ў Міры), у лютым 1910 г. адбылося пахаванне княгіні Клеапатры Міхайлаўны Святаполк-Мірскай, 3 мая 1913 г. – унучкі Сонечкі (дачкі сына Івана), у 1922 і 1938 гг. сыноў – Івана і Міхаіла адпаведна. 

У 1939 г. капліца была разрабавана. Ацалелую частку маёмасці ў 1940 г. вывезлі ў Свята-Георгіеўскую царкву на праваслаўных могілках. Пасля вайны ў капліцы каля 20 гадоў знаходзілася збожжасховішча спіртавога завода. 

Пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору пачаўся IV перыяд пераўтварэння замка. Да 1938 г., пры ўдзеле польскага архітэктара Тэадора Буршэ, была адрамантавана частка ўсходняга корпуса палаца, паўднёва-заходняя і паўднёва-ўсходняя вежы. У замку з’явіліся вадаправод, ацяпленне, каналізацыя. У падвалах абустроілі каморы і вінны склеп. На першым паверсе размяшчаліся буфетная і сталовая для слуг, хол з камінам, пярэдні і жылы пакой. На другім паверсе ўсходняга корпуса размяшчаліся спальня, гардэробная, кабінет, салон, зала пад назвай “Белы слон”. Парадная лесвіца вяла на другі паверх. У Паўднёва-ўсходняй вежы была кухня, на другім паверсе размяшчалася канцылярыя, на трэцім архіў. 

З вонкавага боку заходняй сцяны замка былі добраўпарадкаваны пральня, сталярная майстэрня і дроўнік. Пад Уязной вежай знаходзілася лядоўня.

Такім чынам, Мірскі замак і прылеглая тэрыторыя на працягу чатырох стагоддзяў, з пачатку XVI ст. да 1939 г., выкарыстоўваўся як прыватнаўласніцкая рэзідэнцыя Іллінічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў і Святаполк-Мірскіх.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 г. скончыўся IV перыяд фарміравання замка і яго наваколляў.

У 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, Мірскі замак быў нацыяналізаваны. 

У часы нямецкай акупацыі, з мая па жнівень 1942 г. у замку размяшчалася гета, у засценках якога знаходзілася каля 850 чалавек. Большасць вязняў расстралялі пры ліквідацыі гета 13 жніўня 1942 г. у глыбіні былога “італьянскага саду”. У пасляваенны час на гэтым месцы быў усталяваны мемарыяльны знак.

З 1939 да 1941 і з 1944 па 1950 гг. у замку існавала абутковая арцель “Новае жыццё”, а пасля вызвалення Міра ад нямецка-фашыскіх захопнікаў з 1944 па 1962 гг. жылі мясцовыя жыхары, чые дамы былі разбураны вайной. 

У 1960-я гг. некаторыя з ацалелых памяшканняў замка выкарыстоўваліся як складскія.

У 1969 г. пачалося стварэнне праекта кансервацыі і рэстаўрацыі Мірскага замка. 

У 1972 г. на тэрыторыі замкавага комплексу археолагам М.А. Ткачовым былі праведзены археалагічныя раскопкі. Маштабныя раскопкі вяліся ў 1980–1982, 1984, 1991 гг. пры ўдзеле А.А. Трусава і І.М. Чарняўскага.

У летні перыяд 2016–2018 гг. на месцы сядзібнага дома праводзіліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук І.У. Ганецкай.

Падчас раскопак высветлілася, што Святаполк-Мірскія часткова выкарыстоўвалі пад будаўніцтва новага дома фундамент палаца канца XVI – пачатку XVII ст. часоў князя Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы “Сіротка”. Былі расчышчаны падмурак палаца, каменная лесвіца, склеп, выяўленыя фрагменты невядомага будынка XVI–XVIII стст., знойдзены прадметы (шкляныя, металічныя, керамічныя вырабы), якія датуюцца XVI – пачаткам XX стст. Па сутнасці падчас раскопак быў адкрыты новы помнік у складзе замкавага комплексу.

V перыяд ператварэння Мірскага замка наступіў у 1982 г. У ім пачаліся аднаўленчыя работы, а ў 1983 г. – рэстаўрацыйныя работы на вежах. Было вырашана выкарыстоўваць увесь аб’ём Мірскага замка для размяшчэння музейнай экспазіцыі. 

31 кастрычніка 1992 г. у Паўднёва-заходняй вежы была адкрыта першая музейная экспазіцыя. Дэманстраваліся, у асноўным, археалагічныя знаходкі і прадметы побыту жыцця замка 1930-х гг. 

3 чэрвеня 1995 г. адкрылася для наведвальнікаў Уязная вежа.

У 2000 г. рашэннем дваццаць чацвёртай сесіі Камітэта сусветнай спадчыны Замкавы комплекс “Мір” быў уключаны ў Спіс культурнай і прыроднай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дзякуючы гэтым падзеям, музейны комплекс з таго часу ператварыўся ў адзін з нацыянальных сімвалаў незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ён стаў вядомы за межамі нашай краіны.

1 снежня 2008 г. у Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка былі адкрыты для наведвальнікаў 6 экспазіцый: “Будаўнічыя матэрыялы Мірскага замка”, “Гістарыяграфічныя і археалагічныя даследаванні Мірскага замка”, “Мастацкае афармленне печаў і камінаў XVI – пачатку ХХ ст.”, “Збраёўня”; “Кафля Гродзеншчыны”, “Традыцыйная кераміка майстроў Міра”. 

Аб'екты, якія ўваходзяць у склад дадзенай каштоўнасці (комплекснага аб'екта)

Будынкі, збудаванні, планіровачная структура, ландшафтныя кампазіцыі, рэшткі земляных абарончых збудаванняў, элементы абваднення на тэрыторыі, абмежаванай лініяй, якая праходзіць на поўдні па вул. Танкістаў, па мяжы зямельнага ўчастка прафесійна-тэхнічнага вучылішча, з усхода па мяжы зямельнага ўчастка пасялковай бальніцы і спіртзавода, з поўдня па мяжы зямельнага ўчастка пладовага саду і шашы Навагрудак – Нясвіж, з захаду па праезду, які злучае шашу і вул. Танкістаў:

410Г000317_1

410Г000317
Будынкі, збудаванні, планіровачная структура, ландшафтныя кампазіцыі, рэшткі земляных абарончых збудаванняў, элементы абваднення на тэрыторыі, абмежаванай лініяй, якая праходзіць на поўдні па вул. Танкістаў, па мяжы зямельнага ўчастка прафесійна-тэхнічнага вучылішча, з усхода па мяжы зямельнага ўчастка пасялковай бальніцы і спіртзавода, з поўдня па мяжы зямельнага ўчастка пладовага саду і шашы Навагрудак – Нясвіж, з захаду па праезду, які злучае шашу і вул. Танкістаў:
Старонка