Шыфр
112Г000077
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1879 - 1880 гг.
Апісанне
Форт № 5 размешчаны ў паўднёвай частцы г. Брэста. Уваходзіў у лік абарончых аб'ектаў другой лініі Валынскага аддзялення Брэст-Літоўскай крэпасці.
Пабудаваны ў 1879 – 1880 гг. форт № 5, быў перабудаваны ў перыяд 1886-1889 гг. капітанам інжынернага кіравання Брэст-Літоўскай крэпасці Івановым. У XIX ст. уяўляў сабой земляное ўмацаванне ў выглядзе люнета з 2 фасамі і 2 фланкамі з гаржавым фронтам. Умацаванне мела прызначэнне абстрэльваць наперадзе мясцовасць і служыла апорным пунктам для раёна абараняемай мясцовасці наперадзе Валынскага ўмацавання.
На тэрыторыю форта вядзе металічны мост, перакінуты ў гаржавую (тыльную) частку форта праз вадзяны роў. У гаржы форта знаходзіцца скляпеністая казарма, зверху і ў франтальнай частцы абсыпаная зямлёй. У казарме 11 казематаў, пабудаваных з цэглы, узмоцненых пры мадэрнізацыі бетонам і жалезабетонам. Усе казематы злучаюцца калідорам.
У 1906 - 1908 гг. форт быў падвергнуты перабудове пад кіраўніцтвам капітана Івана Восіпавіча Бялінскага (1876-1976). Цагляныя збудаванні былі пакрытыя бетонам таўшчынёй каля 2 м.
У 1911-1913 гг. форт № 5 быў зноў перабудаваны. З 1921 па 1939 гг. у форце размяшчаліся інтэнданцкія склады і склады ўзбраення IX «Палескага» корпуса польскай арміі. З вясны 1941 г. тут знаходзіўся 3-і батальён 44-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі.
У красавіку 1997 г. на нарадзе ў Брэсцкім аблвыканкаме ўпершыню абмяркоўвалася пытанне аб падрыхтоўцы форта № 5 для экскурсійнага абслугоўвання, тады ж быў зацверджаны пералік мерапрыемстваў па ўладкаванні форта.
У маі 1999 г. форт быў перададзены на баланс мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.
8 мая 2000 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё філіяла мемарыяльнага комплексу – “Музей 5 форт".