зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: касцёл са званіцай

Ансамбль былога кляштара бернардзінцаў: касцёл са званіцай

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

412Г000018_1

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

пр. 1602 - 1618 гг.

Апісанне

Будынак касцёла пабудаваны ў 1602 - 1618 гг. (згодна з I. Трусавым, касцёл быў пабудаваны ў 1596-1600 гг., а кляштар у 1615-1618 гг.). Асобныя дабудовы зроблены ў XVIII ст. Уключаў касцёл, вежу-званіцу i жылы корпус. Быў акружаны мураванай агароджай, за якой знаходзіліся сад i агарод, двор з гаспадарчымі пабудовамі. На сённяшні дзень захаваліся касцёл, жылы корпус, званіца, якія звязаны ў адзіны комплекс i ўтвараюць замкнёны ўнутраны дворык. 

Будынак касцёла - трохнефавая шасціслуповая базіліка з нартэксам (уваходнае памяшканне ў заходняй частцы хрысціянскага храма) i плоскім бязвежавым барочным фасадам, без трансепта (папярэчны неф).

У архітэктуры касцёла спалучаюцца стылёвыя элементы готыкі, рэнесансу i барока. Найбольш яскрава стыль барока выявіўся ў трактоўцы галоўнага фасада касцёла. Фасад мае завяршэнне ў выглядзе трохвугольнага франтона, упрыгожанага пілястрамі ды скульптурамі Св. Алены, Св. Антонія, Св. Бярнарда ў нішах. У архітэктуры алтарнай часкі спалучэнне рознастылявых рыс асабліва відавочнае. Галоўны фасад дэкараваны развітым антаблементам (верхняя частка будынка), пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі i завершаны трохвугольным франтонам. Сцены бакавых фасадаў члянены пілястрамі i спаранымі арачнымі вокнамі. Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасцю апорнымі слупамі. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У 1778 г. аздоба інтэр’ера дапоўнена жывапісам (мастак А. Грушэцкі i Ф. Міхалкевіч), разьбой на дрэве, чыгунным і бронзовым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Дзверы i сцены прытвора, што выходзяць у цэнтральны неф, выкананы з ажурнага каванага металу (XVII ст.). Над прытворам хоры з арганам, дэкараваным разьбой па дрэве, устаноўленым у 1680-я гг. 

Вежа-званіца прымыкае да галоўнага фасада касцёла з паўднёвага боку. Мае самастойны уваход і звязана з касцёлам i жылым корпусам. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788 г. (apxiт. - Ф. Міхалкевіч), выкананы ў стылі позняга барока. Яны маюць складаную фігурную пабудову i маляўнічы сілуэт. У ix пластычным афармленні выкарыстаны выгнутыя паверхні сцен, рэльефныя чляненні, вуглавыя калонкі i валюты. Вежа завершала фігурнай галоўкай са шпілем.

Будаўніцтва кляштара было звязана з прыходам у Гродна айцоў бернардзінцаў, які з'явіўся ў Гродна каля 1494 г., але будаўніцтва касцёла і кляштара пачалося толькі пад канец XVI ст.

У 1596 -1597 г. на выдзеленых для бернардзінцаў землях пачалася будоўля мураванага аднанефавага касцёла Адшукання Св. Крыжа. Пачаткова касцёльную пабудову характырызавалі гатычныя стылёвыя элементы: стральчатыя праёмы з востраканцовымі арачнымі вокнамі ды контрафорсы. Побач з фасадам была ўзведзена невысокая масіўная круглая вежа. Хутчэй за усё, кляштар ды іншыя гаспадарчыя пабудовы яшчэ на пачатку XVI ст. мясціліся ў будынках даўніх каралеўскіх стайняў. I толькі у 1615 - 1617 г. былі пастаўлены кляштарныя будынкі, спаленыя расійскімі войскамі ў 1656 г. Перабудовы кляштарных муроў ды касцёла датуюцца 1682, 1753, 1788 гг.

У 1682 г. будынак кляштара быў перабудаваны. У 1686 г. перакрыта страха касцёла, рэстаўраваны алтар Св. Антонія, пабудаваны капліцы Св. Барбары i Св. Kaзіміpa. Пасля пажару 1753 г. перабудавана званіца, якая набыла два новыя верхнія ярусы. У 1788 г. пастаўлены комплекс з дванаццаці алтароў, капліца Св. Барбары пераабсталявана ў Ларэтанскую, а капліца Св. Казіміра - у Св. Барбары. Мастак-базыльянін А. Грушэцкі размаляваў касцёл новымі фрэскамі. Паміж 1780 i 1790 гг. да фасада прыбудаваны невялікі чатырохвугольны бабінец.  

У XVII -XVIII стст. тут праходзілі павятовыя сеймікі. На пачатку XIX ст. пры кляштары працавала прыватная пачатковая школа. У 1853 г. кляштар быў зачынены. Пэўны час у кляштары размяшчаліся розныя цывільныя ўстановы, а ў 1868 г. кляштарны комплекс перадалі ваеннаму ведамству. 

Падчас Першай сусветнай вайны комплекс не пацярпеў. У 1923 г. дырэктар гродзенскага музея Ю. Ядкоўскі не дапусціў рамонту будынку, паколькі гэта магло б толькі сапасаваць кляштар. У 1926 г. у будынку кляштара працавала васьміласная гуманістычная гімназія i сямікласная школа № 3. 

Значна пацярпелы ў гады Другой сусветнай вайны будынак кляштара быу адноўлены парафіянамі яшчэ ў часы нямецкай акупацыі. Па стану на 1970 г. у кляштары размяшчалася абласная санітарна-эпідыміялагічная станцыя, а пазней судмедэкспертыза. У 1990 г. былы бернардзінскі комплекс вернуты вернікам. На сённяшні дзень тут размяшчаецца Вышэйшая рымска-каталіцкая духоўная семінарыя.

Старонка