Шыфр
711Е000001_1_21
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
к. XVIII - пач. XIX стст.
Стыль
Класіцызм
Апісанне
Будынак належыць да ліку найбольш старых жылых дамоў, што захаваліся ў гістарычным цэнтры г. Мінска. Пляц, на якім узведзены будынак, у розныя часы належаў І. Ліашону, Карказевічу, Ленскім. Апошнімі ўладальнікамі былі Сабіна Міхайлаўна Ленская і яе спадкаемцы Зянон, Міхаіл, Канстанцін Аляксандравічы Ленскія і Лізавета Васілеўская. Двухпавярховы з высокiм цокальным паверхам будынак, накрыты двухсхiльным дахам, тарцы якога прыкрываюць трохвугольныя франтоны. Будынак бакавым паўночна-ўсходнім фасадам зблакаваны з домам № 33. Унутры захаваліся вінтавая лесвіца і кафельныя печы 19 ст.
Вядома, што ў будынку № 31 была адкрыта першая публічная бібліятэка. Пытанне аб адкрыцці ў горадзе публічнай бібліятэкі неаднаразова ўзнімалася прагрэсіўна настроенай інтэлігенцыяй. У 1842 г. была арганізавана падпіска, сабраны грошы і набыта некалькі соцень кніг. Мясцовыя ўлады адмовіліся выдзеліць памяшканне і сродкі для бібліятэкі. У 1899 г. грамадскасць Мінска звярнулася да генерал-губернатара з прашэннем аб адкрыцці ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння А.С. Пушкіна публічнай бібліятэкі яго імя. Спецыяльная камісія распрацавала статут бібліятэкі, зацверджаны на пасяджэнні гарадской думы ў 1900 г. 25.12.1900 г. бібліятэка распачала сваю дзейнасць спачатку ў доме па вул. Захар'ескай (сучасны пр. Незалежнасці), затым была пераведзена ў будынак пад сучасным № 31 па вул. Інтэрнацыянальнай. Бібліятэкай кіравала праўленне, якое выбіралі чытачы. На час адкрыцця было сабрана 1960 кніг. Папаўнялася бібліятэка за кошт ахвяраванняў і на сродкі, якія атрымлівала ад чытачоў, і ад правядзення дабрачынных мерапрыемстваў. У сакавіку 1909 г. на пашыраным пасяджэнні праўлення бібліятэкі ганаровым яе членам абраны Л.М. Талстой. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бібліятэка стала народнай. У 1938 г. ператворана ў абласную. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны налічвала 150 тысяч кніг, брашур, часопісаў. Пасля вызвалення Мінска будынак бібліятэкі адноўлены. У 1971 г. бібліятэка была пераведзена ў новы будынак на вул. Гікалы.