Шыфр
112Е000002_186
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, г. Брэст, вул. Савецкая, 76
Датаванне
к. ХІХ - пач. ХХ ст.
Апісанне
Будынак № 76 размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Брэста на вул. Савецкай. Вуліца Савецкая першапачаткова на адрэзку ад вул. Гогаля да вул. Піваварнай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная) называлася Паліцэйскай, а з 1921 па 1939 годы -- вул. Дамброўскага. Мураваная забудова вуліцы была сфарміравана ў канцы 19 ст., галоўным чынам, пасля вялікага пажару, які адбыўся 4 мая 1895 г. Дакладная дата будаўніцтва дома пад сучасным № 76 не вядомая. Па тэхпашпарце ён датуецца 1930 г. Аднак, на думку спецыялістаў у галіне архітэктуры і па ўскосных звестках, будынак узведзены раней, мажліва, на мяжы 19 - 20 ст., а ў 1930 г. жылы дом, хутчэй за ўсё, быў адноўлены пасля ваенных падзей ці рэканструяваны. Улічваючы размяшчэнне лесвічных клетак і ўваходаў на іх з боку праезда ў двор, можна меркаваць, што памяшканні ад вуліцы на першым паверсе выкарыстоўваліся пад гандлёвыя ўстановы. У Вялікую Айчынную вайну будынак не атрымаў значных пашкоджанняў, пра што могуць сведчыць часткова ацалелыя аконныя рамы з накладнымі точанымі элементамі і латунныя скабяныя вырабы. Двухпавярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. У цэнтры будынка размешчана праезная арка, фланкіраваная плоскімі лапаткамі. На першым паверсе справа ад аркі размешчаны дзвярны праём і шырокі праём вітрыннага акна. На другім паверсе сіметрычна размешчаны два балконы з каванымі агароджамі.