Шыфр
212Е000600_24
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
пачатак ХХ ст.
Апісанне
Будынак № 5 размешчаны ў гістарычным цэнтры Полацка на вул. Стралецкай, якая перасякала тэрыторыю Ніжняга замка, пабудаванага па ўказу Івана Грознага ў 1563 – 1564 гг., і далей уздоўж карпусоў езуіцкага калегіума спускалася да вул. Ніжне-Пакроўскай. Ніжні замак яшчэ называўся Стралецкім, таму што Іван Грозны падчас валодання Полацкам размясціў тут стралецкія палкі. Адпаведна і вуліца атрымала назву Стралецкая. У 1938 г. рашэннем гарвыканкама вуліца была перайменавана ў вул. Максіма Горкага, у 1989 годзе ёй вярнулі гістарычную назву. Па стылістычных прыкметах будынак можна датаваць канцом ХІХ – пачаткам ХХ ст. Узведзены ў так званым цагляным стылі. Паводле даведачнага выдання “Путеводитель по городу Полоцку» 1910 года ў будынку размяшчалася прыватнае шасцікласнае рэальнае вучылішча з правамі для навучэнцаў М.С.Багаяўленскага. Сам будынак належаў Галаеўскаму, рэальнае вучылішча яго арэндавала.
У Вялікую Айчынную вайну будынак № 5 захаваўся. У 1948 г. быў адрамантаваны. З 1950 г. ў будынку дзейнічала васьмігадовая руская школа. У 1971 г. школа была зачынена на капітальны рамонт. Адбылася рэканструкцыя будынка з прыбудовай дадатковага аб’ёму ў цэнтры паўночна-ўсходняга фасада і надбудовай трэцяга паверха. Будынак стаў арыентавацца галоўным фасадам на вул. Стралецкую. Выкарыстоўваўся як міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат да сярэдзіны 2010-х гг. Першапачаткова будынак рэальнага вучылішча, затым жаночай прагімназіі быў двухпавярховы прамавугольны ў плане. Галоўным паўднёва-заходнім фасадам ён арыентаваўся на Генеральскі завулак, які цяпер не існуе. Дакладней, будынак выходзіў на завулак бакавым паўднёва-ўсходнім фасадам. Завулак праходзіў ад вул. Стралецкай па дыяганалі праз квартал да вул. Ніжне-Пакроўскай (у накірунку паўднёвы захад – паўночны ўсход). Аб тым, як выглядаў будынак да рэканструкцыі, сведчыць фотаздымак 1940 – 1950-х гг. На ім будынак прадстаўлены з паўночна-заходняга боку.