Шыфр
412Г000467
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах заснаваны Іахімам Літаворам-Храптовічам у 1770-1776 гг. Праект быў заказаны італьянскаму дойліду Дж. Сака, інтэр'еры выконваў Карл Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль.
Фактычна менавіта I. Храптовіч "адкрыў" Дж. Сака, хаця той працаваў у Рэчы Паспалітай ужо з 1735 г., але да гэтага часу буйных заказаў не атрымліваў. Француз Я. Габрыэль - аўтар унікальнай царквы ў Шчорсах. З італьянскім архітэктарам К. Спампані - кіраўніком перабудовы езуіцкага калегіума ў Вільні ў 1772-1773 гг. I. Храптовіч пазнаёміўся ў ходзе работы Адукацыйнай камісіі. Такім чынам, у перыяд 1770-1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу еўрапейскага ўзроўню архітэктурная суполка.
Палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах уключаў палац з бакавымі флігелямі (захаваўся заходні флігель), будынак бібліятэкі з аранжарэяй, комплекс службовых і гаспадарчых пабудоў (карэ), свіран, вяндлярню, парк з вадаёмамі. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляўся палац. Перад палацам быў парадны двор, абнесены ажурнай металічнай агароджай з мураванымі слупамі і з мураванай брамай.
У час Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронту. На жаль, асабліва пацярпеў палац. У 1914 г. ён і ўсходні корпус згарэлі і не аднаўляліся. У час ваенных дзеянняў каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва была вывезена у Маскву, архіў - у Пецярбург, частка бібліятэкі (4500 тамоў) - у Кіеў, астатнія кнігі згарэлі. Пасля 1920 г. маёнтак быў часткова адноўлены. Для пражывання сям'і быў адрамантаваны ацалелы заходні флігель.
У Другую сусветную вайну мураваныя сядзібныя пабудовы ацалелі.
Пасля вайны маёнтак Шчорсы ўвайшоў у склад мясцовага калгаса. Сядзібныя будынкі, пакуль не патрабаваліся значныя выдаткі на іх рамонт і ўтрыманне, выкарыстоўваліся пад жыллё і ў гаспадарчых мэтах.
У наш час большасць будынкаў знаходзіцца ў занядбаным стане. Ад былога палаца захавалася толькі заходняе крыло (сам палац згарэў у 1914 г.). У будынку размешчаны магазін. Да заходняга флігеля прымыкае комплекс гаспадарчых і службовых пабудоў (карэ). Усходняе крыло комплекса ў значнай ступені перабудавана (замураваны вялікія арачныя праёмы). Частка памяшканняў выкарыстоўваецца пад жыллё. Размешчаны насупраць будынак былога свірна цяпер ў паўразбураным стане (без даху), у 1970-я гг. былі замураваны арачныя праёмы. Па сведчанню старажылаў, да сярэдзіны 1950-х гг. яшчэ існавала ўязная брама, затым была разабрана, ад агароджы на ўездзе ў сядзібу захавалася некалькі слупоў. У парку будынак аранжарэі і бібліятэкі таксама знаходзяцца ў запушчаным стане. Бадай адзіны будынак, які добра захаваўся, гэта - вяндлярня. У 1989 г. на ім перакрыты гонтавы дах. Парк страціў сваю кампазіцыю і прыняў рысы лесапаркавага масіву.