Шыфр
611Г000474_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1586 - 1596
Стыль
Пабудавана ў канцы XVI ст. у стылі рэнесанса, перабудавана ў сярэдзіне XVIII ст. у стылі позняга барока.
Апісанне
Гісторыя нясвіжскай ратушы пачынаецца з наданнем гораду магдэбургскага права. Пасля атрымання адпаведнай каралеўскай граматы, 18 чэрвеня 1586 г. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка выдаў свой прывілей, у якім падрабязна распісаў правы і абавязкі гараджан. Згодна з ім мяшчане атрымалі шэраг ільгот (бязвыплатнае карыстанне зямлёй, бесперашкодны гандаль у гарадах Рэчы Паспалітай, атрыманне даходу ад гарадскіх бровараў, крамаў, лазняў). За гэта яны абавязваліся прымаць удзел ва ўзвядзенні гарадскіх умацаванняў і збудаваць за ўласны кошт ратушу. Да 1596 г. будынак быў скончаны. Яго першапачатковы выгляд адлюстраваны на гравюры Тамаша Макоўскага (1600–1604 гг.). На думку большасці аўтараў архітэктарам быў італьянец Джавані Марыя Бернардоні, які з 1586 па 1599 гг. працаваў у Нясвіжы. Падставай для такога меркавання служыць т.зв. “альбом Бернардоні” або “Кіеўскі альбом” – збор чарцяжоў XVI–XVII стст., які захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы АН Украіны. Сярод іх знаходзіцца і план падмуркаў першага паверха нясвіжскай ратушы. Але некаторыя даследчыкі (В. Калнін) аспрэчваюць гэта і лічаць, што Бернардоні займаўся толькі будаўніцтвам культавых аб’ектаў (касцёлаў і кляштараў).
Нясвіжская ратуша з’яўляецца самым старым будынкам такога кшталту, якія захаваліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Астатнія або былі пабудаваны пазней (Чачэрск, Магілёў) або адбудаваны нанова ў нашы дні (Мінск).