зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Гісторыка-архітэктурны комплекс жаночага манастыра Раства Багародзіцы: рэшткі Прачысценскай царквы

Шыфр

412Г000010_1

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

другая палова XII ст.

Апісанне

Рэшткі Прачысценскай царквы XII ст. знаходзяцца на падворку Свята-Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў г. Гродна ў пачатку вул. Давыда Гарадзенскага.

Рэшткі храма захаваліся на розную вышыню сценаў і ўнутраных слупоў. У апсіднай частцы вышыня рэшткаў - 1,5 м. У заходнім напрамку сучасны падворак зніжаецца і ад заходняй сцяны захаваўся толькі падмурак. Таўшчыня сцен - 1,1 м, сцен апсід - некалькі меньшая - 1м. Будаўнічы матэрыял - плінфа 2-х памераў: 28*16*4 см; 26* 14*3,5 см. Кладка плінфы парадкавая. Акрамя прамавугольнай плінфы выкарыстоўвалася лакальная плінфа для выкладкі розных архітэктурных дэталяў. У якасці звязваючай росчыны выкарыстаны замес вапны з дадаткам цэмянка.

Прачысценская царква была шасцістоўпным трохапсідным храмам. Форма апсід вылучае яе з шэрагу помнікаў гродзенскай архітэктурнай школы ХІІ ст. Тры апсіды храма прамавугольныя, вуглы іх скошаны. Цэнтральная апсіда выступае за лінію бакавых на 1,5 м. У ёй выяўлены рэшткі сінтрона і рэшткі прамавугольнага прастола ў цэнтры.

Фасады былі ўпрыгожаны валунамі са шліфаванай паверхняй і кампазіцыямі з маёлікавых плітак. Маёлікавае ўпрыгожанне фасадаў немагчыма поўнасцю рэканструяваць. Некаторыя кампазіцыі складаліся з квадратных плітак. Пліткі былі пакрыты жоўтай і зялёнай палівай.

Унутры царква заставалася неатынкаванай. У вялікай колькасці выкарыстоўваліся галаснікі з шарападобным, трошкі выцягнутым тулавам, падоўжанай шыйкай і прамым венчыкам.

Маёлікавая падлога складалася з плітак разнастайнай форм трох колераў: жоўтага, зялёнага, карычневага.

У 1647 г. у Гродна адбыўся пажар, які знішчыў значную частку горада, і ў час якога выгарэла сгаражытная Прачысценская царква. Апошнія сведчанні аб ёй дасягаюць 1654 г., у якім, як паведамляюць крыніцы, вялікі пажар знішчыў і царкву, і жыллёвыя манастырскія будынкі.

У 1978 годзе Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Міністэрства культуры БССР пачалі працу па рэстаўрацыі ансамбля Свята-Ражджаства-Багародзічнага манастыра і прыстасаванні ансамбля пад Рэспубліканскі музей атэізма і гісторыі рэлігіі. У ходзе археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам І.М. Чарняўскага і М.А. Ткачова ў маі 1980 г., на пляцоўцы перад царквой XVIII ст. былі выяўлены рэшткі старажытнай Прачысценскай царквы, якая адносіцца да групы помнікаў Гродзенскай архітэктурнай школы XII ст.

Пасля завяршэння даследчыцкіх прац, правядзення абмераў і фотафіксацыі, рэшткі царквы былі засыпаны пяском. Былі зроблены два зандажы, у якіх была паказана кладка сценаў і фрагмент маёлікавага полу. У 1992 г. пасля ўзнаўлення дзейнасці праваслаўнага Свята-Ражджаства-Багародзічнага жаночага манастыра зандажы былі закладзены ў мэтах забеспячення бяспекі вернікаў у час вялікіх святаў.