Шыфр
712Г000081_2
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
г. Мінск, Цэнтральны раён, вул. Кірылы і Мяфодзія, 6
Датаванне
сярэдзіна XVII ст.
Апісанне
Комплекс мужчынскага бернардзінскага кляштара мае складаную гісторыю фармавання. У 1624 г. мінскія бернардзіны атрымалі фундуш (капліцу, жылы драўляны дом і пляц плошчай 2 морга, 1 прут і 5 пруцікаў, а таксама 10 тыс. польскіх злотых) ад Яна Кенсоўскага, старосты краснасельскага. Пабудаваныя ў 1630-я гг. драўляны касцёл з кляштарам згарэлі ў 1644 г. У другой палове 17 ст. былі ўзведзены мураваныя будынкі касцёла і кляштара, якія таксама неаднаразова гарэлі і аднаўляліся. Пра іх знешні выгляд і планы звестак не захавалася. Пасля чарговага пажару 1740 г. касцёл і кляштар у 1752 г. былі рэканструяваны. Гэта апошняя значная рэканструкцыя ў большасці пісьмовых крыніц падаецца як дата будаўніцтва. Захаваўшыйся да нашага часу будынак кляштара прымыкае да касцёла з паўночна-ўсходняга боку, утвараючы замкнёны ўнутраны дворык. Будынак трохпавярховы, складаны ў плане (блізкі да літ F). Тарцовымі фасадамі бакавых крылаў прымыкае да касцёла, утвараючы невялікі закрыты дворык-клуатр. Фасады патынкаваныя, вырашаны лаканічна: члянёны пiлястрамi i прамавугольнымi аконнымi праёмамi без ліштваў. Завершаны карнізам. Тарцовы фасад заходняга крыла завершаны трохвугольным фігурным франтонам, тымпан якога раскрапаваны нішамі, пілястрамі. Сціплым архітэктурным дэкорам вылучана ніжэйшая прыбудова да тарцовага ўсходняга фасада паўночнага крыла. Унутраная планіроўка калiдорная. Памяшканні перакрыты скляпеннямі.