Шыфр
712Г000236
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
2-я палова 18 ст.
Стыль
Класіцызм
Апісанне
Комплекс гарадской сядзібы на сучаснай плошчы Свабоды ў Мінску быў пабудаваны ў XVIII ст. Сядзіба на тэрыторыі Верхняга горада згадваецца ў розных дакументах 2-й паловы XVIII ст. Так, у "Тарифах подымного и чепового сборов по г. Минску" за 1775 г. у цэнтры горада на Высокім рынку ўказаны "палац ясновельможного пана Пшездецкого подканцлера Великого княжества Литовского". На найбольш раннім плане горада 1793 г. сядзібны комплекс пазначаны як мураваны. У глыбіні ўчастка размешчаны сядзібны дом - прамавугольны ў плане будынак. Аналагічную выяву помніка можна ўбачыць і на іншых планах Мінска канца XVIII - першай паловы ХІХ ст. У 1872 г. комплекс сядзібы быў набыты Мінскім духоўным вучылішчам. Летам 1918 г. усе вучэбныя памяшканні былі заняты нямецкімі войскамі. Пасля ўтварэння БССР у будынках былога духоўнага вучылішча размясціўся Наркамат асветы БССР. Тут жа ў 1922-25 гг. знаходзіўся Інстытут Беларускай культуры (Інбелкульт), рэарганізаваны ў 1929 г. у АН БССР, зараз Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны будынкі былой сядзібы захаваліся. Пасля вайны ў галоўным будынку сядзібы размяшчаўся Мінскі абласны ваенкамат.
Можна адзначыць, што з канца 18 ст. да 1872 г. сядзіба належала розным уладальнікам, сядзібны дом быў жылым. З 1872 г. у будынку размяшчаліся розныя ўстановы. У 1850 г. сядзібны дом быў рэканструяваны: гонтавы і чарапічны дах перакрыты жалезам, зроблены балконы. У 1870-1880 гг. на першым паверсе сядзібнага дома былі разабраны скляпенні і зроблена драўлянае перакрыцце. У пасляваенны перыяд часткова зменена планіроўка дома, страчаны печы, да паўночна-заходняга фасада прыбудаваны новы аб'ём. Аналіз фатаздымкаў 19 - пачатку 20 ст. сведчыць, што фасады будынка не зведалі значных перабудоў. Неабходна падкрэсліць, што значную каштоўнасць уяўляюць не толькі фасады, але і інтэр'еры помніка. Мяркуючы па інвентарах першай паловы 19 ст. палац меў змешаную планіровачную структуру, характэрную для шляхецких гарадскіх сядзібных дамоў 18 ст. У цэлым планіроўка дома захавалася. Усе памяшканні першага паверха былі перакрытыя цаглянымі скляпеннямі. Шматлікія пакоі на другім паверсе, у тым ліку і парадная зала, былі ўпрыгожаны роспісамі. Столі мелі ляпны дэкор. Верагодна, першапачатковае аздабленне інтэр'ераў было зменена ў 2-й палове 19 ст., калі будынак быў прыстасаваны для духоўнага вучылішча. Да цяперашняга часу ў некаторых памяшканнях захаваліся фрагменты кафляных печаў 19 ст. і часткова ляпныя карнізы.