Шыфр
412Г000464_2
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, аг. Уселюб, с/с Уселюбскі
Датаванне
1-я пал. XV ст.
Стыль
Готыка
Апісанне
Бібліяграфічныя крыніцы дазваляюць выказаць дастаткова абгрунтаваную гіпотэзу пра будаўніцтва мураванага касцёла ва Уселюбе ў першай чвэрці ХV ст. уладальнікам мястэчка Янам Нямірам. У некаторых дакументах названа дата 1433 г. Вядома, што ў гэтым годзе вялікі князь літоўскі падараў маёнтак Уселюб Андрэю Неміровічу. У 1576 г. касцёл ператварылі ў кальвінскі збор, а ў 1642 г. вярнулі католікам. З гэтага часу ён вядомы пад назваю храма Св. Казіміра.
КАСЦЁЛ уяўляе сабой кампактнае выразнага сілуэта збудаванне. Асноўны аб'ём амаль квадратны ў плане (23,5х13 м), накрыты двухсхільным дахам з заломам, што ўступам пераходзіць у пластычнае пакрыццё гранёнай апсіды. Да апсіды прымыкаюць дзве сакрысціі. Спачатку гэта было 1-стаўповае збудаванне з гранёнай апсідай і прэсбітэрыем. У паўночнай сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрысцію, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены храма былі ўмацаваны контрфорсамі (захаваліся на галоўным фасадзе). Інтэр'еры асвятляліся вокнамі спічастай формы. У тоўшчы заходняй сцяны вітая лесвіца вяла на хоры і паддашак. Усходні і заходні фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам быў выкладзены крыж з перапаленай цэглы. У кан. XVI-пач. XVII ст. надбудаваны верх апсіды, асноўны аб'ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі былі адноўлены скляпенні. У 2-ой пал. ХІХ ст. да галоўнага фасада прыбудавана трох'ярусная шатровая вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках).
У Вялікую Айчынную вайну касцёл захаваўся, у 1946 г. быў адрамантаваны. Выкарыстоўваўся пад склад. У 1986 г. пажар знішчыў завяршэнне вежы, дах і сістэму перакрыццяў асноўнага аб'ёму, прэсбітэрыя і паўночнай сакрысціі. У 1988 г. адноўлены, у 1991 г. асвячоны і перададзены вернікам.