зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Комплекс Старога замка: палац, фрагмент абарончых сцен, Ніжняя царква (руіны), Верхняя царква (рэшткі), княcкі хорам (руіны), мост, замчышча

Шыфр

411Г000003

комплексны аб’ект

Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Месца знаходжання

Гродзенская вобласць, г. Гродна, Замкавая гара, вул. Замкавая, 22

Датаванне

Прыкладна 1398 - 1400 гг. - 1580-я гг.

Апісанне

Стары замак -- комплекс абарончых пабудоў, культавых і свецкіх будынкаў 11-19 стст. Стары замак заснаваны на месцы паселішча 10-11 стст. Першыя ўмацаванні былі драўляныя, згарэлі, на іх месцы ў 12 ст. узведзены мураваныя сцены.  НІЖНЯЯ ЦАРКВА пабудавана ў сярэдзіне 12 ст. на дзядзінцы. Захаваліся рэшткі сцен, драўлянай алтарыай сценкі, падлогі з керамічных плітак. Рэшткі заходняй і паўднёвай сцен храма на вышыні ад 2 да 3,5 м выяўлены ў час земляных работ 1932-33 гг. Царква ўяўляла сабой 6-слуповы храм даўжынёй каля 16,8 м, шырынёй 11,6 м з трыма апсідамі (2 у тоўшчы сцяны), вуглы будынка зрэзаны. Адкапаны паўночна-заходні слуп, таксама са зрэзанымі вугламі. Фасады і інтэр'еры былі аздоблены плоскімі лапаткамі. Унутраныя паверхні сцен мелі шматлікія адтуліны, што ўтвараліся гарлавінамі галаснікоў. У паўднёва-заходнім куце будынка размяшчалася цагляная вітая лесвіца, якая вяла на хоры. Муры царквы складзены з плінфы (сярэднія памеры 3,5-4х15х25-26,5 см), некаторыя цагліны маюць на тарцах знакі. Падмурак складзены з дробных камянёў без вапнавай рошчыны. Знойдзены кавалкі аплаўленых у агні свінцовых лістоў даху. Фасады храма былі ўпрыгожаны керамічнымі паліванымі пліткамі рознай формы, вялікімі шліфаванымі камянямі і паліванымі круглымі блюдамі. Захаваліся рэшткі падлогі з керамічных паліваных плітак, якія стваралі складаны геаметрычны малюнак. Царква не мела фрэскавай размалёўкі. Былі прасочаны таксама рэшткі драўлянай алтарнай сценкі, некалі аздобленай шматлікімі меднымі пласцінкамі з рознымі малюнкамі. 

ВЕРХНЯЯ ЦАРКВА пабудавана на мяжы 13 і 14 ст. на месцы Ніжняй царквы на тэрыторыі Гродзенскага Старого замка.Выяўлена у 1933 Ю. Ядкоўскім, які ў працэсе даследавання не праводзіў фіксацыі раскопак і не звяртаў увагі на стратыграфію, таму помнік быў цалкам пазбаўлены археалагічнага асяроддзя. Гэта быў невялікі храм, квадратны у плане (8,9х8,9 м), з паўкруглай выступаючай апсідай. Вуглы яго былі абрэзаны, што нагадвае абрысы Ніжняй царквы. Падмурак складзены з 2-3 радоў камянёў, у муроўцы выкарыстаны тонкая (амаль плінфа) і тоўстая брусковая цэгла (31х17х8,7 см, 31x16x8 см, 30,5х15х7 см, 28,7хІЗ,5х7 см). Таўшчыня швоў ад 1 да 5 см, у якасці рошчыны выкарыстана белая вапна з дамешкам пяску і жвіру. Лічыцца,  што Верхняя царква існавала ў 1-й пал.- сярэдзіне 16 ст. як замкавы храм і была разабрана ў час будаўніцтва замка

ФРАГМЕНТ АБАРОНЧЫХ СЦЕН 12 ст. Узведзены на грэбені старажытнага вала, мелі абарончае і часткова дэкаратыўнае прызначэнне.  У 1937 г. польскія археолагі выявілі ў паўночна-заходняй частцы дзядзінца фрагмент складзенай з плінфы сцяны даўжынёй каля 4,5 м, вышынёй каля 1,8 м. У 1949 г. фрагмент сцяны абследаваў М. М. Варонін і выказаў меркаванне, што гэта рэшткі вуглавой абарончай вежы гродзенскага дзядзінца. У 1981 г. муры даследавалі П. А. Рапапорт і А. А. Трусаў, у 1985-86 гг. Трусаў, Рапапорт, М. А. Ткачоў, Л. М. Бальшакоў, А. К. Краўцэвіч, у 1988 г. Трусаў. Даўжыня выяўленай часткі сцяны каля 12 м. У 1988 г. развал сцяны на паўночным схіле Замкавай гары прасочаны на працягу 20-22 м. Даўжыня цаглянага муру ў гэтай частцы старажытнага дзядзінца некалі раўнялася 42-45 м. Муроўка захавалася на вышыні каля 0,6 м. Сярэдняя частка сцяны часткова разбурана будаўніцтвам гатычнага каземата 15 ст. (разбураны, відаць, у 16 ст., спаленая драўляная яго падлога ляжыць непасрэдна на развале старажытнай муроўкі). Сцяна практычна не мае падмурка і збудавана на тонкай праслойцы будаўнічага друзу. Тэхніка муроўкі роўнаслаёвая. Памеры плінфы 27- 29х6,5-18х3,5-4,5 см. Яна добра абпалена, некаторыя цагліны-плінфы маюць на тарцах выпуклыя знакі ў выглядзе літар і розных геаметрычных фігур (найчасцей літары А, Б, В).

ГРОДЗЕНСКІ КНЯСКІ ХОРАМ, помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на паўднёвым рагу Гродзенскага дзядзінца. Захавалася паўночная частка палаца. Палац, відаць, быў двухпавярховы, меў драўляныя перакрыцці на бэльках. Сцены зроблены з плінфы памерам 4-5x18-20x29,5-31 см у роўнаслаёвай тэхніцы, на тарцах плінфаў ёсць знакі. Звонку ў сцены былі ўмураваны рады амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак таўшчынёй 35-40 см складзены з аднаго раду камянёў і праслойкі бітай плінфы і вапны пад ім, быў упушчаны ў куль-турны пласт 11-12 ст. Пры раскоп-ках выяўлена паўночная сцяна даўжынёй 9,7 м, вышынёй да 2 м, пасярэдзіне яе захаваўся дзвярны праём шырынёй 1,6 м. Знойдзены паліваныя пліткі ад падлогі 12 ст. (у тым ліку фігурныя), зліткі аплаўленага свінцу (відаць, ад лістоў пакрыцця даху), шматлікія бытавыя рэчы. У канцы 14 - пачатку 15 ст. да палаца быў прыбудаваны ганак (на брусковай цэгле прасочаны некалькі метак). У 16 ст. пры будаўніцтве Старога замка будынак быў разбураны.

ЗАМЧЫШЧА. Горад узнік у канцы 10 ст. на балцкай тэрыторыі як цэнтр усходне-славянскай каланізацыі, ажыццёўленай дрыгавічамі і валынянамі. У 11-12 ст. заўважаюцца рысы культурных кантактаў з Мазовіяй. Дзядзінец займаў участак высокага правага берага р. Нёман каля сутокаў з ім правага прытока - р. Гарадні (Гараднічанкі). Пляцоўка дзядзінца памерам 120х90х70 м, трохвугольная ў плане, была адрэзана ад берагавога плато невялікім ровам (пазней расшыраны да 50 м). На вяршыні рова і па перыметры заселенага мыса быў пастаўлены драўляны вастракол, які з часам замянілі зрубнымі гароднямі.

СТАРЫ ЗАМАК У 11 ст. Гродна мела два замкі: Верхні на месцы дзядзінца і Ніжні на вакольным горадзе. Побач фарміраваліся пасады. Пасля 1385 на дзядзінцы збудаваны першы цалкам мураваны замак Вітаўта. (Стары замак). Пасля пажару ў 1398 г. сцены замка з плінфы заменены сценамі з валуноў і вялікапамернай брусковай цэглы. У плане замак набыў форму няправільнага трохвугольніка. Сцяна, звернутая да Нёмана, мела даўжыню 120 м, з боку Гараднічанкі -- 90 м, з боку горада складалася з дзвух частак -- 46 і 24 м. Таўшчыня сцен 2,5- 3 м. Замак меў 5 вежаў: 3 вежы па кутах і 2 размяшчаліся з боку Нёмана. Вежа-брама з турмой пад ёй мела пад'ёмны мост цераз сухі роў, які аддзяляў яе ад Ніжняга замка. У верхняй частцы брамы знаходзіліся навісаючыя байніцы-абламы, за зубцамі -- баявая пляцоўка. Другая вежа стаяла на поўдзень ад першай, трэцяя на заходнім баку гары, на мысе па-над Гараднічанкай, 4-я -- на паўднёва-ўсходнім напрамку, з боку горада, пятая -- у зломе муроў з усходняга боку, каля ўязной вежы. Пятая вежа была круглая ў плане, астатнія -- квадратныя (каля 12х12 м). Паміж 4-й і 5-й вежамі знаходзіўся палац вялікага князя Вітаўта, пабудаваны ў канцы 14 -- пач. 15 ст. Будынак (45х15 м) быў двухпавярховы з тоўстымі сценамі. Пакоі ў ім размяшчаліся ў адзін рад. У звернутай у бок горада сцяне вокны 2-га паверха мелі выгляд вузкіх байніц. У 1579 г. Стэфан Баторый зрабіў Гродна сваёй рэзідэнцыяй, перабудавай замак Вітаўта і фактычна перанёс сюды сталіцу Рэчы Паспалітай. Замак Стэфана Баторыя дажыў да нашага часу, хоць і страціў свой велічны першапачатковы выгляд. Пад час узвядзення яго абарончых сценаў выкарыстаны матэрыялы часоў Вітаўта. Палац Стэфана Баторыя стаіць на сценах палаца Вітаўта, а ў некаторых месцах яны выкарыстаны ў якасці падмурка. У час будаўніцтва ад замка Вітаўта захавалі ніжнюю частку абарончых сцен, рэшткі вежаў, падмуркі і сцены княжыцкага палаца. Рэнесансны палац заняў цэнтральнае месца ў комплексе. Ён у плане нагадваў выцягнуты ў даўжыню і крыху перакошаны прамавугольнік(60х21 м). Таўшчыня сцен на першым паверсе вагалася ад 2 да 2,35 м, на другім была 1, 6 м. Унутраныя сцены на першым паверсе былі таўшчынёй ад 1,1 да 2 м, на другім -- 0,45 - 1,3 м, што сведчыць аб абарончым прызначэнні палаца. На жаль, уявіць першапачатковы выгляд палаца можна толькі па сценах і рэштках рэнесансных каменных аздабленняў рам, карнізаў, кансоляў, а таксама па некалькіх фрагментах сграфіта.

Аб'екты, якія ўваходзяць у склад дадзенай каштоўнасці (комплекснага аб'екта)
Комплекс Старога замка: Верхняя царква (рэшткі)
Комплекс Старога замка: Верхняя царква (рэшткі)
Комплекс Старога замка: замчышча
Комплекс Старога замка: замчышча
Комплекс Старога замка: княскі хорам (руіны)
Комплекс Старога замка: княскі хорам (руіны)
Комплекс Старога замка: мост
Комплекс Старога замка: мост
Комплекс Старога замка: Ніжняя царква (руіны)
Комплекс Старога замка: Ніжняя царква (руіны)
Комплекс Старога замка: палац
Комплекс Старога замка: палац
Комплекс Старога замка: фрагмент абарончых сцен
Комплекс Старога замка: фрагмент абарончых сцен