Шыфр
33АК000112
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол (баровак) у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства (збіральніцтва), калі чалавек выпадкова, а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і збіраў мёд. Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся, дзе па сённяшні дзень існуе яго перадача з пакалення ў пакаленне. На гэтай тэрыторыі па сённяшні дзень пражывае больш за 100 бортнікаў, якія практыкуюць гэтую практыку пастаянна. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца толькі гэтага промыслу, бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, жэнь, пешня, барта). Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да акаляючай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы), захоўвае своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва, адметныя кулінарныя традыцыі, выкарыстанне пчол і прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне. Бортнікі карыстаюцца інструментамі і рыштункам, якія служылі яшчэ дзядам-прадзедам, а таксама традыцыйнай тэрміналогіяй. Сёння мясцовая супольнасць усведамляе неабходнасць захавання перанятага ад дзядоў-прадзедаў промыслу, сямейных традыцый (сакрэты рамяства традыцыйна перадаюцца ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука або ад вопытнага старога бортніка — да маладога спрытнага і фізічна моцнага сваяка ці ў крайнім выпадку суседа, калі няма каму перадаць навыкі), падтрымлівае і практыкуе настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў сваёй вёскі, а таксама спрыяе распаўсюджванню ведаў пра промысел, лячэбныя ўласцівасці мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі.