Шыфр
712Д000213
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1954 г.
Апісанне
У гадавіну вызвалення Мінска, 3 ліпепя 1945 г. Вярхоўны Савет прыняў пастанову "Аб азнаменаванні перамогі і ўвекавечанні памяці воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны", у другім пункце якой указвалася "Устанавіць помнік Перамогі ў сталіцы Беларускай ССР - горадзе Мінску…" Манумент Перамогі ўзведзены ў 1954 г. на адной з асноўных плошчаў г. Мінска, размешчанай на галоўнай магістралі горада - пр-це Незалежнасці. Да 1958 г. плошча называлася Круглай. Манумент вырашаны ў форме велічнага, абліцаванага шэрым гранітам абеліска, увенчанага выявай ордэна "Перамогі" (бронза з пазалотай, шкло, агульная вышыня каля 38 м). Грані абеліска рытмічна расчлянёны вузкімі і завершаны шырокай палосамі, якія нагадваюць беларускі арнамент. 4 грані пастамента аформлены бронзавымі гарэльефамі: "9 мая 1945 г.", "Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Слава загінуўшым героям", "Партызаны Беларусі". Паслядоўным чаргаваннем рэльефаў, лаканічнымі пластычнымі сродкамі эмацыянальна перададзены кульмінацыйныя моманты барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, горач страт, радасць перамогі. Шматфігурныя кампазіцыі выкананы ў рэалістычнай манеры, з дэталёвай прапрацоўкай рэльефных выяў.
Абеліск пастаўлены на гранёны расшыраны ўнізе стылабат, на якім выява бронзавага мяча, абвітага лаўровай галінкай. Уся кампазіцыя размешчана на шырокім васьмігранным ступеньчатым подыуме, чатыры грані якога прарэзаны кубічнымі стылабатамі (чорны лабрадарыт) з чатырма бронзавымі лаўровымі вянкамі на іх.
Манумент Перамогі ўзведзены ў гонар перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй. З’яўляецца кампазіцыйнай дамінантай ансамбля пл. Перамогі. Узведзены па праекце народных архітэктараў СССР Г. Заборскага і У. Караля з удзелам народного мастака БССР і СССР 3. Азгура, народных мастакоў БССР А. Бембеля, А. Глебава і С. Селіханава.