зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Мастацтва выцінанкі Мінскай вобласці

Апісанне

Выцінанка-від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з чорнай, белай ці каляровай паперы; а таксама тэхніка выразання з паперы. У Мінскай вобласці яно развіваецца на аснове традыцыйных народных форм папяровага дэкаравання, а таксама даступных і распаўсюджаных літаратурных крыніц на аснове Маладзечанскай школы выцінанкі з некаторымі аўтарскімі дадаткамі, тэхніка ў якой працуе большасць майстроў – выразанне нажніцамі па папярэдне намаляваным эскізе.

Маладзечанская школа выцінанкі адметна выразнасцю кампазіцыі, майстэрскай стылізацыяй, якасцю тэхнікі выканання, лаканічнасцю вобразаў, выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі, прытрымліваннем правілу састаўлення ўзораў з выразак трох памераў (буйных, сярэдніх, дробных). Абапіраецца на набыткі культурнай нацыянальнай спадчыны, традыцыйных беларускіх арнаментаў, сімвалаў. Стылізацыя праз выразнасць геаметрычных форм. Складаныя тэматычныя кампазіцыі з выразнай структурай, стылізацыяй вобразаў і ажурных арнаментаў. Глыбокае веданне семантычных значэнняў як асобных элементаў кампазіцыі выцінанкі, так і асноўных вобразаў. Эксперыментальнае вырашэнне з матэрыялам, колерам, відам афармлення.

Склаўся рад тыповых сюжэтаў: святы беларусаў, міфалагічныя персанажы, народныя строі, архітэктурныя беларускія помнікі, архетыпічныя і арнаментальныя сімвалічныя вобразы, традыцыйныя кветкавыя кампазіцыі. Прысутнічае выкарыстанне агульных характэрных элементаў, тэхнічных прыёмаў, стылістычных вырашэнняў. Але ў той жа час кожны майстар мае сваю індывідуальную адметнасць і стылізацыю.

Выцінанка, як элемент народнага мастацтва на Клеччыне быў распаўсюджаны ў 40-60-я гады ХХ ст. У большасці выпадкаў, выцінанку на тэрыторыі раёна не вырэзвалі, яе выбівалі ці высякалі гільзамі  з-пад куль. У асобных мястэчках падмалёўвалі фарбамі або каляровымі алоўкамі. Больш распаўсюджаныя вырабы мелі бытавы і эстэтычны характар – фіранкі для вокан і папяровыя карункі для абразоў, аздабленне абразоў ўнутры пад шклом.

У ДУДА “Любанская дзіцячая школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва" існуе прадмет па выбару “выцінанка” . У Любанскім Цэнтры дзіцячай творчасці знаёмства з выцінанкай - абавязковая частка вучэбных праграм. Установы культуры Любаншчыны выкарыстоўваюць выцінанку як адзін з элементаў дэкору. Асабліва расквітае мастацтва выцінанкі ў перыяд навагодне-калядных святаў. Гэта сапраўдны час сняжынак і анёлкаў, імі ўпрыгожваюцца вокны школ, кватэр, устаноў культуры і нават цэркваў.