Шыфр
610Г000466_4
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Мінская вобласць, Нясвіжскі раён, г. Нясвіж
Датаванне
XVI ст.
Апісанне
Нясвіжскія паркі і ставы – каштоўны помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Былі створаны прадстаўнікамі знакамітага роду Радзівілаў. Адметнымі асаблівасцямі паркаў з’яўляюцца ўдала размешчаныя паляны, алеі, своеасабліва высаджаныя групы дрэў, падабраныя па афарбоўцы лісця, форме кроны, вышыні і іншых прыкметах. Спалучэнне невялікіх груп дрэў (курцін), падбітых кустамі, з прасторнымі палянамі стварае непаўторныя па прыгажосці пейзажы. Курціны аднапародных груп дрэў добра спалучаюцца з курцінамі са змешаных парод. Адметнай рысай паркавага комплексу з’яўляюцца шырокія алеі, абсаджаныя дрэвамі аднаго віду. Асноўныя віды дрэў і кустоў у парках – вольха, ясень, клён, ліпа, вярба, елка, глог, спірэя, бузіна і інш. З інтрадукаваных драўнінна-хмызняковых раслін можна назваць елку Энгельмана, піхту аднакветкавую, сасну Веймутава, клён ясенялісты, клён-явар, барбарыс Тумберга, айву японскую, чаромху віргінскую. Неад’емнай кампазіцыйнай часткай паркаў з’яўляюцца ставы Дзікі, Замкавы і Бернардзінскі, утвораныя на р. Уша.
Нясвіжскі паркавы комплекс мае навуковае і практычнае значэнне. Іх згадвалі многія аўтары канца ХІХ – ХХ ст., якія пісалі пра Нясвіж і палацава-паркавы ансамбль. У першую чаргу, яны адзначалі прыгажосць паркаў, агульныя планіровачныя рашэнні, паркавыя насаджэнні. Навуковае вывучэнне паркаў пачалося пасля Вялікай Айчыннай вайны ў сувязі з прыстасаваннем Нясвіжскага замка пад санаторый. Адначасова прадугледжваліся аднаўленчыя работы ў парках. У 1950 – пачатку 1960-х гадоў вывучэннем паркаў у Нясвіжы займаліся архітэктары і навукоўцы І.Рудэнка, М.Юруць, Я.Іванова, супрацоўнік санаторыя Г.Лістапад. У 1970-я гг., 2004 г. нясвіжскія паркі даследаваў і апісаў В.Г.Анціпаў. У 1976, 1977, 1980, 1986, 1989, 1998, 1999, 2005, 2010 гг. А.Т.Федарук даследаваў планіровачныя, стылявыя і кампазіцыйныя асаблівасці, відавы склад паркаў.
Абавязковаму захаванню падлягаюць закладзеная ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. планіровачная структура паркаў (асноўныя алеі, паляны, курціны, баскеты, вадаёмы), асноўны відавы склад драўнінна-кустовых парод, малыя архітэктурныя формы (у Старым парку памятныя камяні ў гонар Марыі Дароты дэ Кастэлян, з нагоды закладкі конскакаштанавай алеі, прысвечаны першаму дрэву на тэрыторыі парку, Студня Ундзіны, адноўлены помнік вернаму сабаку; у Новым парку абеліск з датай заснавання парку), уваходныя брамы з вартоўнямі ў Старым і Новым парках.