зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

замак-палац, паўднёвая і ўсходняя галерэі, камяніца, арсенал з капліцай, брама, два прыбрамныя карпусы, паўночна-ўсходняя і паўднёва-заходняя галерэі

Шыфр

610Г000466_1

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Датаванне

1582/83 г. - пач. XVII ст.

Стыль

Элементы розных стыляў: рэнесанса, барока, класіцызму, неаготыкі.

Апісанне

Гісторыя ўзнікнення і будаўніцтва палацавага ансамбля ў Нясвіжы цесна звязана з гісторыяй роду Радзівілаў, якія валодалі горадам з 1513 г. Вядома, што яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. у Нясвіжы існаваў невялікі драўляны замак. У выніку падзелу маёмасці паміж сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565) Нясвіж перайшоў ва ўладанне старэйшага сына Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі (1549–1616). Апошні вырашыў надаць гораду выгляд “ідэальнага месца”, і тым самым падкрэсліць свой высокі статус як гаспадара. Гэтаму спрыяла і ўтварэнне Нясвіжскай ардынацыі – уладання, якое магло перадавацца толькі прадстаўнікам роду Радзівілаў і не пераходзіла ва ўласнасць іншых фамілій. М.К. Радзівіл Сіротка стаў першым нясвіжскім ардынатам.

Нясвіжскі замак-палац з абарончымі збудаваннямі, частка палацава-паркавага ансамбля – адзіны бастыённы замак, які захаваўся ў Беларусі. Для гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва палацава-паркавы комплекс уяўляе сабой выключны выпадак – на працягу 400 гадоў культурны ландшафт, планіроўка, архітэктурныя збудаванні не зазналі істотных змен. Гэта адзін з чатырох аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны, якія ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У 1993 г. быў утвораны музей-запаведнік “Нясвіж”, пасля чаго пытанне аб рэстаўрацыі і музеефікацыі палаца набыло асаблівую актуальнасць.

У сучасным архітэктурным выглядзе ў асноўным захаваліся тыя рысы, якія палацавы ансамбль набыў у выніку аднаўленчых работ сярэдзіны XVIII і канца ХІХ стст.: комплекс з некалькіх будынкаў, звязаных у адно цэлае галерэямі, дамінантамі якога з’яўляюцца высокія вежы з васьмерыковымі апошнімі паверхамі і шатровападобнымі купаламі. Сцены пераважна пабудаваны з матэрыялаў XVI–XVIII стст.

Палацавы ансамбль роду Радзівілаў фарміраваўся на працягу некалькіх стагоддзяў – з канца XVI – да канца ХІХ стст. Асноўныя будаўнічыя работы прыпадаюць на мяжу XVI–XVII і сярэдзіну XVIII стст. Як вынік, у архітэктуры помніка прысутнічаюць рысы розных стыляў: рэнесанса, барока, класіцызму, неаготыкі.