Шыфр
112Г000643_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1675 г.
Стыль
Барока з пераходнымі элементамі класіцызму
Апісанне
Мураваная Петрапаўлаўская царква была закладзена па фундацыі Хрысціны Масальскай (з Сапегаў) і асвячона ў 1779 г. Першапачаткова была пабудавана ў стылі барока і належала ўніяцкаму ордэну базыльян.
Пасля скасавання ўніяцтва ў 1839 г. царква была перададзена праваслаўнаму ведамству. У 1875 г. царква разам з большай часткай горада згарэла ад пажару. На працягу 1875-1878 гг. адбываўся рамонт будынка.
Пад час вялікай Айчыннай вайны ў будынку храма немцы арганізавалі перасыльны лагер ваеннапалонных. Сам будынак пацярпеў нязначна, месцамі снарадамі быў пашкоджаны дах. У 1955 г. быў зроблены рамонт.
Петрапаўлаўская царква ўяляе сабой аднанефавы з паўкруглай апсідай храм. Алтаром арыентавана на захад. Па баках апсіды прыбудаваны дзве нізкія квадратныя ў плане сакрысціі. У паўднёвай сакрысціі быў размешчаны дадатковы выхад з царквы. Асноўны архітэктурны акцэнт зроблены на галоўны фасад. Цэнтральная частка фасада выступае наперад рызалітам, фланкіраваным слаістымі пілястрамі. Ён завершаны шырокай і плоскай вежай. Спрошчаны прамавугольны атык з трохвугольным франтонам узнік, верагодна, у выніку рамонта царквы ў пачатку ХХ ст.
У інтэр'еры сцены храма аздоблены слаістымі пілястрамі. На столі нефа размешчаны роспіс "Спаса-Праабражэння" (пасля пажару адноўлены ў пачатку ХХ ст.). У алтары на плафоне размешчаны роспіс "Бог Саваоф", на бакавых сценах у медальёнах змешчаны выявы св. апосталаў Пятра і Паўла.
У храме знаходзіцца Ружанская ікона Божай Маці, якая ўцалела пад час пажара 1875 г. і праслаўлена рознымі іншымі цудамі.