зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Практыкі захавання народных традыцый і культурнай памяці ў творчасці Івана Супрунчыка

Практыкі захавання народных традыцый і культурнай памяці ў творчасці Івана Супрунчыка

Змест

Апісанне

Традыцыйныя каштоўнасці і іх практыка належаць да важных праяў калектыўнай культуры памяці. Трансляцыя традыцыйных уяўленняў, ведаў і навыкаў ад пакалення да пакалення дазваляюць пэўнай супольнасці захаваць сваю ідэнтычнасць. Гэты працэс адбываецца рознымі шляхамі, у тым ліку праз індывідуальную творчасчасць.

Традыцыі народнай культуры вясковых жыхароў в. Цераблічы і яе наваколля сталі зместам творчасці Івана Піліпавіча Супрунчыка. 

Іван Піліпавіч – таленавіты самабытны інсітны творца. Непаўторнае мастацкае ўспрыманне рэчаіснасці адлюстравана ім у творах з дрэва, графічных працах. У драўлянай скульптуры, якая высечана адной сякерай, у графіцы, створанай пастэльнымі алоўкамі, увасоблена мінулае беларускай палескай вёскі. 

Крыніца вобразаў творцы – гэта традыцыі вёскі, у якой ён нарадзіўся і жыве. Ён таленавіты пераемнік каштоўнасцей палескай культуры, іх захавацель і транслятар. Майстар стварыў цэлую галерэю палешукоў, якая дае прадстаўленне аб іх быце і працы, укладзе жыцця і святах. Творы Івана Супрунчыка вобразна апавядаюць аб продках – родапачынальніках жыхароў вёскі Цераблічы, іх нораве, звычках, пра палескія абрады, звычаі, паданні.

Асабісты лёс Івана Піліпавіча звязаны з трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, у кантэксце якіх мастак праз творы ўвасобіў свае філасофскія развагі аб сэнсе і вартасці жыцця чалавека.

Пры стварэнні сваіх твораў Іван Піліпавіч карыстаецца рознымі выяўленчымі сродкамі. Напрыклад, традыцыйнае высяканне скульптуры з дрэва ў выкананні Івана Піліпавіча робіцца выключна адной сякерай без дадатковай апрацоўкі іншымі прыладамі. Гэта можа служыць прыкладам як трыдыцынае рамяство, такое як разьбярства, можа ўвасабляцца праз прызму індывідуальнага мастацкага бачання інсітнага творцы. Свае драўляныя выявы мастак расфарбоўвае акварэльнымі фарбамі дзеля большай выразнасці вобразаў і іх распазнавальнасці. У графічных творах, выкананых пастэллю, прасочваецца стылістычная еднасць з скульптурнымі працамі мастака.

Дыяпазон дзейнасці Івана Супрунчыка вельмі шырокі і шматгранны. 

Вялікую каштоўнасць уяўляе сабой этнаграфічная калекцыя, сабраная мастаком. Яе можна пабачыць у “Цэнтры драўлянай скульптуры” ў в. Цраблічы, гісторыя стварэння якога пачынаецца разам з работай мясцовай бібліятэкі ў 1965 г. Прастора цэнтра, якая ўяўляе сабой практычна мясцовы краязнаўчы і этнаграфічны музей, – асобны маштабны “твор” Івана Супрунчыка. Ён аўтар канцэпцыі музейнай экспазіцыі і яе дызайнер. У экспазіцыі музея дакументальныя і рэчавыя помнікі гісторыі Церабліч гарманічна суіснуюць разам з драўлянымі і графічнымі творамі мастака. У цэнтры майстар сам праводзіць экскурсіі для ўсіх жадаючых. 

Іван Піліпавіч вядзе і педагагічную дзейнасць: у школе навучае дзяцей і моладзь прыёмам разьбы па дрэве.

Для мясцовай супольнасці вескі Цераблічы Іван Піліпавіч Супрунчык вельмі значная і  паважаная асоба. Жыхары ім ганарацца. Праз творы майстра ўвекавечаны яго аднавяскоўцы, захаваны яркія і значныя праявы іх жыцця. Ён выконвае функцыю сапраўднага захавальніка культуры роднай вёскі, што ўмацоўвае еднасць мясцовай супольнасці, усведамлення каштоўнасці мясцовых народных традыцый, гонар за сваю малую радзіму. Дзякуючы творчасці майстра, вёска Цераблічы вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. 

Творчасць Івана Піліпавіча Супрунчыка з’яўляецца сапраўднай культурнай з’явай, вартай падтрымкі і захавання.

Старонка