Шыфр
33БК000157
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Апісанне
Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі прыгатавання і спажывання Гомельскай вобласці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь згодна з пастановай Міністэрства культуры ад 14.05.2022 г. № 27 і ўяўляюць сабой не толькі адлюстраванне народнай традыцыі, але і перспектыўную турыстычную атракцыю, якая спрыяе папулярызацыі лакальных асаблівасцей населеных пунктаў Гомельскай вобласці.
На момант уключэння ў Дзяржаўны спіс элемент дакументальна зафіксаваны экспертамі на тэрыторыі 15 раёнаў, 33 населеных пунктаў Гомельскай вобласці.
Самі традыцыйныя стравы з таркаванай сырой бульбы прадстаўляюць сабой комплекс святочных і паўсядзённых страў, сярод якіх дранікі, бульбяная бабка, кішка, калдуны, клёцкі і г.д. Дранікі – беларуская назва бульбяных аладак, якая паходзіць ад слова «драць», што азначае церці, абдзіраць слаямі. Дранікі і бабка сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываецца бульба, але кожны рэгіён валодае сваёй унікальнай гістарычнай традыцыяй гатавання гэтай стравы. Ва ўсіх выпадках сутнасць традыцыйнага рэцэпту простая: чысцім, тром, выпякаем. Просты і набор асноўных прадуктаў: бульба, здор (свіны нутраны тлушч) ці гусіны тлушч, альбо алей, соль. Час прыгатавання – нязначны, кулінарныя навыкі – не абавязковыя. Важна, што бульба патрэбна не маладая, а крухмалістая, якая адляжалася. Гатаваць такія стравы трэба хутка, каб бульба не паспела акісліцца і пацямнець.
Традыцыйна дранікі гатуюць на чыгуннай патэльні – пякуць на адкрытым агні, у добра прагрэтай печы, на прыпечку ці спачатку смажаць на патэльні з абодвух бакоў, а потым запякаюць у чыгунку ў печы. Сёння кулінарныя традыцыі рэгіёна пастаянна прэзентуюцца на разнастайных фестывалях, конкурсах і святах, якія ладзяцца ў Гомельскай вобласці, краіне і за яе межамі.