23БК000140_1
Шыфр
23БК000140
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Інсітнае (наіўнае) мастацтва з’яўляецца галіной выяўленчага мастацтва, творцы якога не маюць прафесійнай адукацыі і працуюць ў адпаведнасці з уласным разуменнем прыгажосці і патрэбай самавыказвання. “Іnsіtus” на лаціне азначае “дадзены ад прыроды”. У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” у дачыненні да творчасці мастакоў-аматараў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 г.
Інсітнае (наіўнае) мастацтва з'яўляецца адной з яркіх з'яў мастацкай культуры ХХ ст., мадэрнізаванай формай народнай культуры. Прыкладам можа быць Хлебінская школа ў Харватыі, дзе інспіраваная мастаком Крышто Хегедышычам непрафесійная жывапісная творчасць сялян стала нацыянальным брэндам. У Віцебскай вобласці творчасць мастакоў-самавукаў мае карані ў гарадской народнай культуры ХVІІ-пачатку ХХ ст. (народны абраз, сценапіс, гарадская шыльда, драўляная скульптура, маляваны дыван) і звязана з мастацкай школай Ю. Пэна і сусветна-вядомага мастака М. Шагала. Да 1980-х гг. творчасць мастакоў-самавукаў развівалася на двух узроўнях: ў межах народнай вясковай культуры і арганізаванага аматарскага руху пры дзяржаўных установах культуры. На працягу 1960-1980-х гг. сталі вылучаць больш вузкі напрамак непрафесійнай творчасці, які атрымаў першапачаткова дэфініцыю “прымітыў”, а ў 1990-х – “іnsітa”. Менавіта з гэтай дэфініцыяй была праведзена ў 1991 г. у Віцебску абласная выстаўка “Талент шчырага сэрца”. Прадстаўленыя на ёй творы сталі хрэстыматыйнымі ўзорамі інсітнага мастацтва. Эспазіцыя складалася з двух раздзелаў.
Творчасць мастакоў сялянскага паходжання (Л. Каляга, В. Жарнасек, В. Цяцёркін, Б. Лабкоўскі, М. Юхно, П. Зеляўскі Ф. Максімаў) дэманстравала сувязь з традыцыйнымі сялянскімі рамеснымі тэхналогіямі, фальклорны пачатак і хрысціянскія іканаграфічныя вобразы. Творчасць гарадскіх мастакоў (П. Баранаў, Я. Ушал, М. Сайфугаліева, А. Печаніцын, А. Кузьмін, В. Плешкаў, М. Байцоў) выяўляла сваю ўкарэненасць у прастору Віцебска і яго ваколіц, паўсядзённае жыццё віцяблян.
У якасці духоўных каштоўнасцей інсітнага мастацтва вызначаюць яго непарыўную сувязь з жыццёвымі абставінамі творцы, інспіраванасць выклікамі яго лёсу, прымацаванасць творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Глядацкую аўдыторыю інсітнага мастацтва прываблівае паэтыка рамесна-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнай ідыліі. У суб’ектыўнай наратыўнасці інсітнага творцы засўсёды прысутнічае агульна выпрацаваныя народам адзнакі гістарычных падзей, каштоўнасці народнай этыкі, адметныя формы нацыянальнага жыцця.
Мастацка-стылёвыя вартасці інсітнага мастацтва, як першабытнага і дзіцячага, звязаны з першаснасцю творчага працэсу, цэласным і непасрэдным светаўспрыманнем, своеасаблівым для кожнага аўтара спосабам самавыяўлення. Ідылічна-казачная карціна свету і гратэскны рэалізм складаюць аснову інсітнага мастацтва, таксама могуць прысутнічаць вобразы экзістэнцыяльнага і візіанерскага характару. Ідэаграфічнасць, рэдукцыя вобразу да архетыпу, міфалагічная свядомасць заўсёды выдаюць інсітнага мастака. Яго творчы метад адзначаны элементамі мадэлявання вобразу па памяці, ці па ўяўленню. Інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэву, мармуру, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цэменту), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў).
Творчая спадчына інсітных мастакоў захоўваецца ў фондах раённых гісторыка-краязнаўчых музеяў, раённых Дамах рамёстваў, ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” і УК “Віцебскі абласны краязнаўчы музей”.
Інсітнае мастацтва Віцебшчыны вядома далёка за межамі краіны, творы мастакоў экспанаваліся на міжнародных выставах, у тым ліку “Insita-97” (Славакія) , “Фестнаіў” (Расія) , выстаўках народнага мастацтва ў Антрубах (Польшча)
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён