Шыфр
63БЛ000105
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Мінская вобласць, Валожынскі раён, аг. Сакаўшчына, аг. Ракаў
Апісанне
Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаваная носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч. Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы. Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш. Арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродзенскай вобласці (гісторыка-культурны рэгіён Панямонне), аднак ён з’яўляецца вузейшым. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі. Валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю: адноўлены мясцовы строй у сладзе якога важнае месца займае пояс, з выкарыстаннем паяскоў здзяйсняюцца вясельныя абрады, дзейнічаюць 2 гурткі па ткацтве для дзяцей. Носьбіт традыцыі – Марыя Мікалаеўна Стасяловіч, яе вучні і іншыя жыхары Сакаўшчыны і Ракава з пашанай і гонарам ставяцца да дадзенай традыцыі і лічаць яе неад’емнай часткай мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам.