Шыфр
53БК000116
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Апісанне
Па сённяшні час на Быхаўшчыне існуюць традыцыі збора саламянага “павука”. Элемент актыўна практыкуецца не толькі ў сельскай мясцовасці – вёсках Быхаўскага раёна, а і ў раённым цэнтры. Саламяны “павук” па традыцыі з’яўляўся абярэгам, які закліканы быў ахоўваць хату, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям’і, аднак сёння ён усё больш і больш набывае дэкаратыўна-аздабленчую функцыю. Традыцыі збора “павука” у Быхаўскім раёне вядомы з канца XIX ст. і сустракаліся раней ў кожнай вёсцы. У ваенны перыяд практыка элемента перапынялася і была адроджана толькі ў канцы 50-х гг. XX ст. Быхаўскія падвесныя канструкцыі з саломкі адносяцца да разнавіднасцей мастацкага саломапляцення. Носьбітамі традыцыі збора з’яўляюцца жыхаркі вёсак Быхаўскага раёна, якія перанялі майстэрства ад сваіх матуль, бабуль, старэйшых сясцёр, а таксама ад цётак і іншых сваякоў, і дзеляцца сакрэтамі майстэрства збора саламянай канструкцыі з навучэнцамі мясцовых школ, са сваімі дзецьмі і ўнукамі, жыхарамі і гасцямі г. Быхава праз майстар-класы, семінары-практыкумы і фестывалі. Традыцыя збору з’яўляецца поўнасцю перададзенай ад носьбітаў нашчадкам, аднак, на сённяшні час, дырэктарам ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” Ірынай Генадзьеўнай Кухціной была адноўлена пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры. Майстар працягвае глыбей вывучаць гісторыю і традыцыі элемента, і лічыць “павука” нематэрыяльнай каштоўнасцю Быхаўшчыны. Быхаўскія “павукі” збіраюцца па двух тыпах – пірамідальны (в. Грудзінаўка, Рыжкаўка, Гадылёва) і рамбічны (в. Няраж, Кузькавічы, Баркалабава). У аснове рамбічнага “павука” ляжыць цэнтральны ромб, да якога далучаюцца ўсе астатнія ромбы: спачатку саломінкі нанізваюцца на ніткі, замацоўваюцца і збіраецца ромб. Пірамідальны “павук” збіраецца з загадзя вырабленых пірамідальных ромбаў, якія складаюцца з саломін аднолькавай даўжыні. Для яго збору патрабуецца каля 30 ромбаў. Для традыцыі збору “павука” вырыстоўваюцца даволі простыя інструменты – ніткі (для звязвання элементаў канструкцыі “павука”), швачныя іголкі, нажніцы. Кухціна І.Г. ажыццяўляе перадачу традыцыі збора саламянага “павука” на занятках студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «ДАР» ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава”, дзе вучні знаёмяцца з гісторыяй саломапляцення, відамі і традыцыямі саломапляцення.