зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка)

Апісанне

Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка – гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў. Раней яны вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру. Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930–1950-х гг. XX ст. Спосаб вырабу выцінанак з дапамогай трубачак, долата, выразання нажом сустракаўся даволі рэдка. Гэта звязана з тым, што папера – матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі, якія мелі асаблівыя здольнасці. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і людзей старэйшага пакалення, а праз гады гэта мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана. Аднавіла і перадала наступным пакаленням гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі выбівання выцінанак з’яўляецца адна з яе вучаніц Клімко Наталля Аляксандраўна, якая перадае свае веды незвычайнай тэхніцы выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту падчас майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, на выстаўках і адкрытых занятках навучання рамяству.