Шыфр
43АК000118
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Белаўзорыстае ткацтва – традыцыйная культурная з’ява ў народным тэкстылі, якая была пашырана на тэрыторыі Панямоння ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Белаўзорыстае ткацтва аб’ядноўвае розныя тэхнікі ручнога ткацтва: аднаўточнае двухнітовае з пераборам на дошку, двухнітовае ткацтва, чатырохнітовае аднаўточнае, чатырохнітовае двухуточнае, пяцінітовае, шасцінітовае, васьмінітовае аднаўточнае і васьмінітовае двухуточнае ткацтва, дванаццацінітовае, двухбаковы перабор, у выніку якіх ўтвараецца прыгожае белае палатно са складанай дробнаўзорыстай структурай паверхні і далікатнай фактурай, утворанай своеасаблівым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Такое палатно выкарыстоўваецца пераважна для вырабу ручнікоў, абрусоў, сурвэткаў. Ручнікі вылучаюцца адметнымі белымі палатнінамі, вартасць якіх у высокай якасці, дасканаласці выканання, эфектнай гульні светлаценяў на дробнаўзорыстай белай паверхні палатна. Пры іх вырабе менш увагі надавалася каляроваму ўзору, які ішоў толькі па краі вырабу, узорны малюнак часта быў сціплы або яго магло не быць увогуле – менавіта гэта адрознівае Панямонскі ручнік ад ручнікоў іншых рэгіёнаў Беларусі. Тканыя вырабы часта аздаблялі карункамі, звязанымі кручком. Ручнікі выкарыстоўваліся як у праваслаўных, так і ў каталікоў у радзінна-хрысціннай, вясельнай, сітуацыйнай і каляндарнай абраднасці для святочнага прыбірання, белаўзорыстыя абрусы былі абавязковым элементам падрыхтоўкі любога абрадавага і святочнага стала. Да пачатку ХХ ст. белаўзорыстыя тканіны вырабляліся з самапрадзеных белых ільняных нітак, пазней сталі выкарыстоўвацца фабрычныя баваўняныя, шаўковыя ніткі. Сёння гэтыя тэхнікі ткацтва амаль не выкарыстоўваюцца ў сваім натуральным вясковым асяроддзі. Дзякуючы Яўгену Маркевічу, які захоўвае традыцыі ткацтва сваёй сям’і, працэс ткацтва наладзіўся ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, што выклікае вялікі гонар у супрацоўнікаў, якія далучаюцца да аднаўлення і надалей зберажэння сваёй культурнай спадчыны.