зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я

Апісанне

У народнай культуры Віцебскага Паазер’я маляваныя дываны маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных форм. Маляваныя дываны з'яўляюцца відам народнага жывапісу, у якім сфарміравалася паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне. Абавязковы кампанент дыванковых пейзажаў захаду Віцебскай вобласці – водная стыхія, што звязана з асаблівасцямі прыроднага ландшафту локусу фарміравання дадзенага віду мастацтва. На маляванках шмат расліннай арнаментыкі, выяў гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Дыванковы вобраз альбо сюжэт таксама можа запазычвацца з класічнага мастацтва і набываць спрошчаны архетыповы характар. Традыцыі маляванага дывана склаліся ў 1920-я гг. і развіваліся да 1960-х гг. У гэты час маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. Працэс аднаўлення традыцый маляванага дывана распачаўся ў 2-й палове 1980-х гг. шляхам правядзення выставак, конкурсаў, навучальных урокаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў мелі Г. П. Таляронак, С. А. Скавырка, А. А. Выжыкоўская, А. Г. Таляронак, Л. М. Маяк, В. У. Корабава, В. М. Гукава, Я. Б. Ліманоўская. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у класічных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выставак і свят народнай творчасці, іх работы заўсёды ацэньваюцца на высокім узроўні. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення.