зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення

Апісанне

Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і горада Віцебска – традыцыйнае рамяство, якое распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Тэхналагічны спосаб заключаецца ў тым, што жгуты саломы, пачынаючы са дна вырабу, выкладваюцца па спіралі і сшываюцца паміж сабой гібкімі расчэпленымі пруткамі лазы, палоскамі лыка, яловымі ці сасновымі каранямі, раней – ніткамі з раслінных валокнаў (лён, крапіва, каноплі), а на сённяшні дзень – ніткамі прамысловай вытворчасці. Тэхналогія вырабу нагадвае не столькі пляценне, колькі сшыванне, тым больш што для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе іголкі – кадычак, швайка з дубовай галінкі. Для фармавання саламянага жгута выкарыстоўваецца полая трубачка. Тэхніка пляцення забяспечвае розныя формы вырабаў. Зберагаючы прыродныя вартасці матэрыялаў, майстры ствараюць не проста карзіну, сумку, кораб, а прадуманыя да дробных дэталяў мастацкія вырабы.
Сярод усёй разнастайнасці плеценых вырабаў з саломы вылучаецца група гаспадарчага начыння, здаўна і паўсюдна пашыранага ў народным побыце – карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля і інш. Аб’ядноўваюцца гэтыя вырабы не толькі характарам прызначэння – для збору, пераноскі і захавання прадуктаў, але і спосабам вытворчасці – спіральным пляценнем. Пластыка гэтых вырабаў і да нашага часу захавала першапачатковую прастату і прадуманасць формаў, іх адпаведнасць прызначэнню вырабаў. Дзякуючы сваім спецыфічным якасцям, саламянае начынне не сустракала канкурэнцыі з боку стварэння вырабаў з іншых шырокадаступных матэрыялаў і таму бытавала практычна паўсюдна. Яно ўжывалася для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. У некаторых выпадках плеценыя вырабы служылі для зберажэння адзення і іншых каштоўных рэчаў. Бо вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення былі гіграскапічнымі, іх не грызлі мышы. Характэрныя ўтылітарныя якасці плеценага начыння абумовілі яго выкарыстанне і ў якасці пчаліных вулляў. 
Плеценыя з саломы вырабы маюць выразную, дасканалую форму, а дробны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення на жгутах саломы ажыўляе фактуру самаго вырабу, робіць яго паверхню прыгожай. Несумненна, пры стварэнні вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення ўлічвалася не толькі ўтылітарнае прызначэнне, але і іх мастацкі выгляд. На сённяшні дзень прасочваецца дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне плеценых сучасных рэчаў: талеркі, каробачкі, ёмістасці для гарбаты і кавы, каробкі для рукадзелля, званочкі, калачыкі, пано і шмат іншых вырабаў.