зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйная тэхналогія ткацтва "кажушком"

Шыфр

13БК000169

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Брэсцкая вобласць, в. Дарапеевічы Чарнянскага сельвыканкама, аг. Хаціслаў Хаціслаўскага сельвыканкама, г. Маларыта, Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці

Апісанне

Аснову паўсядзённага занятку жанчын, якія традыцыйна забяспечвалі сям’ю неабходнай вопраткай, абрадавымі і ўжытковымі тканінамі, з’яўляецца ткацтва, якое на Маларытчыне разнастайнае па мастацкаму аздабленню і тэхніцы выканання. 

На працягу ХХ стагоддзя ў гэтым рамястве адбываліся значныя змены – з аднаго боку ішоў працэс заняпаду ткацтва, з другога – старадаўнія тэхнікі ткацтва ўдасканальваліся і з’яўляліся новыя.

Прыкладна да пачатку 1930-х гг. у весках ткалі з ільну і воўны рознага гатунку, тканіны на адзенне, кужэльныя наміткі і платы, вясельныя ручнікі, уціральнікі, настольнікі, простыя посцілкі-“радзюжкі”. Безузорныя тканіны выконваліся на двух і чатырох нітах у тэхніцы аднаўточнага ткацтва такімі відамі перапляценняў, як “льніна”, пад “кажушок”.

У Маларыцкім раёне ў канцы ХIX – пачатку ХХ стагоддзя характэрна было ўжыванне ўзорных тэхнік ткацтва для аздаблення прадметаў адзення (сарочкі, фартухі, наміткі, паясное адзенне) і ручнікоў. Тэхніка бранага двухуточнага ткацтва дазваляла ствараць геаметрычныя ўзоры. Спосабы арнаментавання насілі розныя назвы, напрыклад “бралі на пруцікі” ці “пад дошку” (в. Дарапеевічы). Браныя ўзоры атрымлівалі пры дапамозе дошчачкі. Распавядае народны майстар Рэспублікі Беларусь Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк  – “У пэрэборы – это надо под дошчычку дыржаты, в два ныты і доску надо дыржаты”. Характэрнай асаблівасцю ткацтва Маларытчыны з’яўляецца спалучэнне бардзюраў бранага ткацтва з безузорнымі палосамі, выкананымі з перапляценнем, якое носіць мясцовую назву “кажушок”.

Узор “кажушком”, як і ўсякі “нітавы” ўзор, закладваецца перш за ўсё ў запраўцы кросен. У тэхналогіі ткацтва “кажушком” характэрнай рысай з’яўляецца тое, што ўточная нітка ўтварае адначасова ўзор і фонавае палатно. Пры разбурэнні ўзору парушаецца структура і самой тканіны.Тэхналогія ткацтва “кажушком” дазваляе ткаць не толькі аднакаляровыя (пры дапамозе аднаго чаўна), але і шматколерныя (пры дапамозе некалькіх чаўноў) тканіны. Тым не менш тканіна застаецца аднаўточнай, узор нельга аддзяліць ад карэннай тканіны. Такі від ткацтва ўжываўся пры вырабе і аздабленні тканін для жаночага адзення.

Тканіна, якая атрымлівалася ў ткачыхі, была шчыльнай, таму што ніці ўтка засцілалі ніці асновы правага боку. Пры гэтым тканіна атрымлівалася не толькі цёплая, але і мела годны выгляд, які вызначаўся багаццем і разнастайнасцю арнаментальна-кампазіцыйнага вырашэння.

Глыбокі каларыт дэкору, у якім пераважаў цёмна-чырвоны, карычневата-чырвоны або бурачкова-вішнёвы колер, амаль заўсёды дапаўняўся фіялетавай ці зялёнай ніткай, якая падкрэслівала кампазіцыйны цэнтр бардзюраў і іх межы.

Тканіна атрымлівалася з упрыгожанымі складанымі, дакладна распрацаванымі узорыстымі кампазіцыямі, якія ў пэўным рытме чаргаваліся паміж сабою і запаўнялі ўсё поле.

Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі напружанасць каларыту аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць.

У маларыцкім строі падол спадніцы і рукавы сарочкі былі ўпрыгожаны масіўнымі і рознымі па шырыні бардзюрамі ромба-геаметрычнага арнаменту, які натыкаўся “пераборам”. Бардзюры ў пэўным рытме чаргаваліся паміж сабою, шчыльна запаўнялі паверхню. Паміж чырвонымі ўзорыстымі палосамі дадаткова натыкалі гладкія ці дробнаўзорыстыя шэра-белыя палоскі. Яны памякчалі напружанасць каларыту аздаблення і надавалі тканіне непаўторную прыгажосць. Для ткацтва выкарыстоўвалі ў асноўным традыцыйныя для гэтых мясцін матэрыялы - лён і воўну. Скарыстоўвалі самапрадзеныя ніткі з лёну, воўны, пазней таксама баваўняныя і шарсцяныя ніткі фабрычнага вырабу.

Маларыцкі раён адметны тым, што нават у наш час існуюць жывыя асяродкі ткацтва ў аг. Дарапеевічы, аг.Хаціслаў, г. Маларыта. У развіцці  мясцовага ткацтва вылучаецца некалькі перыядаў, кожнаму з якіх уласцівы адпаведныя тэхнікі выканання тканін, іх асартымент, ужываемыя матэрыялы і колеравае вырашэнне.