зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйны роспіс па шкле

Шыфр

13БК000168

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Месца знаходжання

Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён; Брэсцкая вобласць

Апісанне

Роспіс на шкле прадстаўляе сабой від народнага мастацтва, які на тэрыторыі Беларусі атрымаў распаўсюджванне ў другой палове XIX - пачатку XX ст., калі ў народным побыце шкло становіцца больш даступным. З пачатку XX ст. вылучыўся ў самастойны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, распаўсюджанага па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Традыцыйны роспіс на шкле на Беларусі быў у асноўным – арнаментальна-дэкаратыўны. Асновай беларускага роспісу на шкле былі чыстыя колеры без паўтона і колеравых пераходаў і выкарыстанне фольгі. Распісвалі шкло па разнаму: празрыстым колеравым лакам, падкладваючы скамканую фольгу; алейнымі ці друкарскімі фарбамі; часам распісвалі і шко і падкладачную паперу, якая прасвечвалася скрозь празрысты лак.
Тэхналогія роспісу на шкле: спачатку пяром “зорачкай” чорнай тушшу малюецца контур эскіза (у становішчы “наадварот”). Калі ён засохне, тады размалёўваецца фарбамі ад больш буйных дэталяў да самых дробных.
На прамавугольных кавалках шкла алейнымі фарбамі малявалі абразкі, дэкаратыўныя арнаментальныя і сюжэтныя кампазіцыі. Асноўная тэматыка – зааморфныя (жывёлы, птушкі ў кветкавых гірляндах) і раслінныя матывы (букеты, кветкі, вазоны), а таксама краявіды, казачныя сюжэты і інш., выкананыя сакавітымі фарбамі, часта з чорнай абводкай па контуры на белым, чорным, сінім фоне. Пад малюнкі, выкананыя празрыстымі лакамі, часам падкладвалі фольгу. Выявы раслін, жывёл, птушак і людзей былі плоскасныя, з рознымі цікавымі абрысамі. Узоры роспісу на шкле ўносілі ў традыцыйны інтэр’ер народнага жылля гучны мажорны акцэнт, пераклікаліся з роспісам на куфрах, дыванах, пабеленых сценах печаў, тканымі і вышыванымі ўзорамі. [13]
Гістарычны арэал бытавання прадстаўленай традыцыі налічваў 24 населеных пункты ў Бярозаўскім і 17 населеных пункты ў Пружанскім раёнах.
Размалёўкі на шкле з'яўляюцца відам народнага жывапісу, якія па стылі, кампазіцыйнаму і колераваму рашэнню вельмі разнастайныя. Найбольшага развіцця дасягнуў у 1920-1960-я гг., калі маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. У 1970-я гады дадалася праца з празрыстымі лакамі. Макоўчык Алена Васільеўна з в. Совіна Бярозаўскага раёна яшчэ  па сённяшні дзень можа распавесці гэтую тэхналогію роспісу.
Потым, амаль да 1980-х гадоў адчувалася зніжэнне цікавасці да гэтага майстэрства, паменьшылася колькасць майстроў. Разам з тым, дзякуючы адзінкавым майстрам Барозаўскага і Пружанскага раёнаў, якія працягвалі традыцыю і не давалі ёй цалкам знікнуць, мастацтва роспісу на шкле працягвала існаваць. Працэс аднаўлення традыцыі распачаўся ў другой палове
1980-х гг. шляхам правядзення выстаў і майстар-класаў, конкурсаў, заняткаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі.
На Пружаншчыне, пачала грунтоўна даследваць і навучаць гэтаму віду творчасці дорослых і дзяцей – народны майстар Беларусі Марыя Кулецкая 1950 г.н. Марыя Мікалаеўна зладзіла экспедыцыі па вывучэнню традыцыі роспісу на шкле амаль па ўсім раёне, вывучала работы носьбітаў традыцый, каб засвоіць іх манеру і аднавіць тэхніку малявання. Кожную з карцін майстроў дэталёва вывучыла, а потым сама ўзялася за працу. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Цікавасць да гэтага віду творчасці пераняла ад свайго бацькі Клімашэвіча Мікалая Рыгоравіча і маці Еўдакіі Мікіцічны з в. Кабылаўка. Перадала свае веды дачцэ Мамановіч Ірыне Міхайлаўне. Малююць на шкле і ўнукі майстра. Марыя Мікалаеўна вяла і вядзе папулярызацыю роспісу на шкле з дапамогай правядзення выстаў і майстар-класаў для розных катэгорыях насельніцтва, заахвочвае маладых мастакоў.
Народны майстар Беларусі Тацянна Зданевіч даследвала тэхналогію роспісу на шкле падчас экспедыцый, якія былі арганізаваны ў 26 вёсках Бярозаўскага раёна. Майстар зберагае тэхніку роспісу майстроў Бярозаўшчыны, адлюстроўвае ў сваіх працах і дэманструе на майстар-класах і выставах. Перадала майстэрства роспісу на шкле сваім дзьвум дочкам і 127 вучням.
Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў на Бярозаўшчыны і Пружаншчыне мелі 19 майстроў. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у традыцыйных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.
У народнай культуры бярозаўскія і пружанскія размалёўкі на шкле маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных і анімалістычных форм. Шклінкі-маляванкі мелі арнаментальна-дэкарататыўную структуру кампазіцыі, плоскаснае рашэнне, страчвалі натуральнасць форм, набылі мнагаколернасць абмежаваную лакальнымі фарбамі. Тыпалагічна ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах прадстаўлены ўсе віды дэкаратыўных роспісаў на шкле.
Маладыя майстры працягваюць традыцыю роспісу на шкле на Бярозаўшчыне і Пружаншчыне, не дазволяюць знікнуць гэтай з’яве. Яны лічаць, што роспіс на шкле з’яўляецца мастацкім адлюстраваннем рэчаіснасці, аказвае моцнае ўздзеянне на развіццё асобы, фарміруе пачуцці, думкі, развівае эстэтычны густ, прывівае любоў да гісторыі і традыцый нашых продкаў.