зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў

Апісанне

Узорнае ткацтва – самабытная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры беларусаў, прадстаўляе сабой унікальны працэс стварэння прыгожай тканіны (вырабу) шляхам перапляцення каляровых нітак асновы і ўтка, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя тэхнікі ўзораўтварэння, у выніку чаго ўтвараецца выразная фонавая структура. Майстры аг. Пагародна да гэтага часу валодаюць і  практыкуюць традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія характаразуюцца:
- выкарыстаннем пяці ўзораўтвараючых тэхнік ткацтва: двухслойнае ткацтва, або несшываныя дываны з паліхромнымі ўтковымі палосамі – набіванкі ці “радужкі” cшыўныя і суцэльныя; двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з адной штапноўкай”; двухбаковы перабор на двух нітах з двума прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі –  “перабіранкі з двума штапноўкамі”; чатырохнітовае двухутковае ткацтва; пяцінітовае двухутковае ткацтва з прыціскной ніткай; 
- разнастайным ўжываннем каляровых нітак, якое ўключае шырокі спектр колераў, сакавітасць малюнка, гарманічнае спалучэнне насычаных колераў; 
- прынцыпамі кампазіцыйнай арганізацыі ўзорнага поля: рапортны паўтор монакампазіцыі (маштаб, памер і размяшчэнне рапортаў моцна вар’іруюцца); замкнутыя купонныя кампазіцыі на ўсё поле дывана;  колеравая, танальная і рытмічная імправізацыя.
Ужыванне разнастайных ткацкіх тэхнік дазваляла забяспечваць як пабытовыя патрэбы ў тканінах, так і ствараць прыгожыя, па-мастацку аздобленыя вырабы, якія  выкарыстоўваліся ў інтэр’еры, а таксама падчас сямейных урачыстасцяў і абрадаў. Так, посцілкі і дываны выкарыстоўваліся ў паўсядзённым побыце (засцілаць ложак, канапу ці крэслы), а таксама для ўпрыгожвання вясковага інтэр’еру (вешаюць на сцены дома), і як рытуальна-абрадавыя  вырабы – на вяселле (калісьці дываны былі самым каштоўным падарункам на вяселлі; іх лічылі важнай часткай пасагу маладой),   жалобу (посцілкі, пазбаўленыя яркіх колераў, напрыклад, чорна-белыя, выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах). 
Сыравінай для вырабу ўзорных тканін здаўна служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так пакупныя. Акрамя ваўняных, ільняных, майстрыхі куплялі і шырока выкарыстоўвалі баваўняныя, шаўковыя, змешаныя валокны разнастайных колераў.
Дэкаратыўныя вырабы, тканыя на кроснах, захоўваюцца і практычна ўжываюцца многімі вясковымі сем’ямі Воранаўскага і суседніх з ім раёнаў , але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство на сённяшні дзень сустракаецца толькі ў аг. Пагародна. Акрамя традыцыйных па форме вырабаў (посцілак і дываноў) распачаты творчы працэс стварэння малых форм ткацтва – сурвэтак, макатак, упрыгожаных традыцыйнымі ўзорамі.
Старэйшымі носьбітамі мясцовай ткацкай традыцыі з’яўляюцца народны майстар, цудоўная ткалля Станіслава Вікенцьеўна Міхно, майстрыхі Ядвіга Людвікаўна Коўза і Гэлена Янаўна Грыгілевіч. Майстрыхі валодаюць унікальнымі ведамі не толькі аб ўсіх этапах стварэння ўзорных палотнаў у розных тэхніках, але і аб спосабах падвязвання нітоў для кожнай з іх. Яны ахвотна  перадаюць сваё рамяство мясцовым школьнікам і моладзі на занятках студыі “Школа ткацтва” ў аг. Пагародна Воранаўскага раёна.
Традыцыя ткацкіх тэхнік мае адметныя тэхналагічныя асаблівасці стварэння ўзорных палотнаў. Яны заключаюцца ў адмысловых спосабах і прыёмах наладу асновы, подвязі нітоў, ходу па панажах і іншыя веды, якія з’яўляюцца жывым скарбам варта захоўваць, як мясцовай, так і рэгіянальнай культуры, і прызнаюцца яе носьбітамі як элемент іх спадчыны, варты захавання.