Шыфр
53БК000064
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Валяльны промысел — вырабы з воўны, поўсці жывёл (авечак, коз) здаўна распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Майстры стваралі вопратку, абутак, збіваючы яе пэўным спосабам. Паступова, з развіццём тэхналагічных працэсаў валяльныя вырабы пачалі страчваць сваю практычную неабходнасць. У сучаснасці засталіся толькі асобныя майстры, здольныя зрабіць валёнкі або зваляць вопратку. На Магілёўшчыне захаваліся невялікія асяродкі патомных майстроў валяльнай справы «шапавалаў», якія практыкуюць выраб валёнак, шапак-магерак, брылёў і інш. Адным з такіх асяродкаў з’яўляецца Дрыбінскі раён. Сёння на Дрыбіншчыне працуюць 12 майстроў-шапавалаў, якія захоўваюць і перадаюць рамяство сваім пераемнікам. Валянне шапак і дала саматужнікам назву «дрыбінскія шапавалы», якая захавалася да нашага часу. У запісах Е.Р. Раманава адзначаецца, што шапавальства на Дрыбіншчыне ўзнікла на пачатку ХVІІІ ст. Дрыбінскія шапавалы карысталіся сваёй умоўнай (сакрэтнай) мовай, якая атрымала назву «катрушніцкі лемязень». Ужывалася яна, каб трымаць у сакрэце прыёмы рамяства. Лексічны склад налічвае 915 слоў. Вырабы «дрыбінскіх шапавалаў» славяцца сваёй трываласцю і прыга¬жосцю. Гэта галаўныя ўборы для мужчын шапкі-магеркі – у выглядзе каўпака, або ўсечанага конусу і брылі – шапкі з казырком, а таксама цёплыя, па-май¬стэрску зробленыя валёнкі. Адметнай рысай шапавальства з’яўляецца адсутнасць складаных прылад працы. Нездарма пра шапавала кажуць: «Дзе шапавал стаў, там і яго стан». Сёння валянне зноў актуальна. Майстры-шапавалы вырабляюць валёнкі, прадметы адзення, якія захапляюць сваёй прыгажосцю і дэкорам.