Шыфр
63БК000130
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Апісанне
Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых “рухаўскіх” дываноў.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярынай Максімаўнай Русаковіч, якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк і Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Я. Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі “мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці”.
Майстры Старадарожскага цэнтра рамёстваў забяспечваюць жыццядзейнасць, захаванне і папулярызацыю традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне. Дарослыя і дзеці пад кіраўніцтвам майстроў засвойваюць майстэрства стварэння рухаўскіх дываноў праз пераемнасць і супрацоўніцтва са старэйшымі майстрамі, лічаць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і ганарацца сваімі таленавітымі продкамі.