Шыфр
43АК000095
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Апісанне
Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва. У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу. У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля. Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў. Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых.