зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

80 гадоў таму, 19 сакавіка 1944 г. войска 65-й арміі 1-га Беларускага фронту вызваліла з Азарыцкіх лагераў 33480 вязняў.

У Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці на месцы трагічных падзей у гэты дзень адбываецца жалобны мітынг. Кветкі да помніка ахвярам фашызму ўскладаюць ў тым ліку былыя вязні з Беларусі і Расіі.

Прадбачачы хуткае наступленне Чырвонай Арміі ў Беларусі, гітлераўцы пачалі ствараць уздоўж лініі фронту часовыя лагеры для грамадзянскага насельніцтва, якія б стрымлівалі імклівы націск савецкіх войск. Адзін з буйнейшых такіх лагераў быў створаны каля пасёлка Азарычы, вёсак Падасіннік і Дзерць былой Палескай вобласці. У пачатку сакавіка 1944 г. пад выглядам эвакуацыі гітлераўцы гвалтоўна сагналі сюды больш за 50 тысяч мірных жыхароў з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай, Смаленскай і Арлоўскай вобласцей, пераважна старых і жанчын з дзецьмі. Да перасылачных пунктаў на станцыях Рабкор, Старушкі і Чырвоны бераг людзей везлі ў таварных вагонах і грузавых машынах, адтуль у калонах гналі да месцаў, вызначаных пад лагеры. Лагеры ўяўлялі сабой нічым не абсталяваныя рэдкалесныя забалочаныя тэрыторыі, абнесеныя калючым дротам. Падыходы да іх былі замініраваны, вакол стаялі вышкі з кулямётчыкамі. Рабіць зямлянкі, шалашы ці іншыя прыстасаванні для жытла і сховішча не дазвалялася. Быў сакавік месяц са зменлівым надвор'ем: халады і завеі змянялі адлігі з дажджом. Вузнікам даводзілася спаць на мёрзлай ці мокрай зямлі ў вільготнай вопратцы. Пітной вады не было, паліць вогнішчы забаранялася. Раз у тыдзень праз дрот гітлераўцы кідалі хлеб. Такім чынам, у лагерах быў устаноўлены рэжым, разлічаны на знішчэнне людзей. Кожны дзень ад холаду і голаду паміралі сотні людзей. Мёртвых хаваць не дазвалялі. Акрамя таго ў планах нямецка-фашысцкіх захопнікаў было распаўсюджанне ў лагерах эпідэміі сыпнога тыфу, каб пасля хвароба перакінулася на перадавыя часткі Чырвонай Арміі і гэтым аслабіла наступленне. З гэтай мэтай у лагеры былі прывезены з бліжэйшых населеных пунктаў і бальніц хворыя сыпным тыфам.У лагерах людзі знаходзіліся ад 7 да 15 дзён. 18-19 сакавіка 1944 г. войска 65-й арміі 1-га Беларускага фронту вызвалілі з Азарыцкіх лагераў 33480 чалавек, з іх 15960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. Але шмат былых вязняў памерлі яшчэ ў шпіталаях і дома. Спатрэбіліся вялікія намаганні медыкаў, каб лакалізаваць тыф і не даць хваробе распаўсюдзіцца ў войсках і сярод насельніцтва. Суд над гітлераўскімі злачынцамі, віноўнымі ў гібелі тысячы людзей у Азарыцкіх лагерах адбыўся ў студзені 1946 г.

Па матэрыялах пашпарта на гісторыка-культурную каштоўнасць "Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці"