Крывіна-3. Падводныя працы на тарфянікавым паселішчы набіраюць абароты
Супрацоўнікі Істытута гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі, Сяргей Ліневіч, Дар’я Федарук і Юлія Сахончык працягваюць даследаванні паселішча Крывіна-3, каля в. Галоўск у Сенненскім раёне.
На дадзены момант даследуецца раскоп у рэчышчы р. Крывінка. Культурныя адкладанні утрымліваюць выдатна захаваныя рэшткі драўляных пабудоў.
Сярод выяўленых артэфактаў: фрагменты глінянага посуду; вырабы з дрэва і косткі, у тым ліку ўпрыгожанні: падвескі і пацеркі.
- Стаянка Крывіна-3 узнікла ў другой палове 3 тысячагоддзя да нашай эры (4500 гадоў назад). У гэты час на тэрыторыю паўночнай Беларусі праніклі прадстаўнікі індаеўрапейскага насельніцтва, пад уплывам якіх адбылася трансфармацыя матэрыяльнай культуры мясцовага насельніцтва сярэдняга неаліту. У выніку дадзеных працэсаў была ўтворана паўночна-беларуская культура, носьбіты якой і заснавалі стаянку Крывіна-3.
- Унікальнасць паселішча заключаецца ў магчымасці прасачыць паўсядзённы побыт чалавека неалітычнай эпохі, бо ва ўмовах тарфянікаў захаваліся вырабы з дрэва якія не зберагаюцца на пясчаных паселішчах.