Прэзентацыя зборніка інфармацыйна-метадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі адбылася 12 кастрычніка ў прэс-клубе РВУ "Культура і мастацтва"
У анлайн-рэжыме быў прэзентаваны зборнік, які аб’ядноўвае інструкцыі, тлумачэнні, метадычныя рэкамендацыі па працы з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны, у тым ліку з тлумачэннем новаўвядзенняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны з 2023 года і сумежных відаў заканадаўства. Да відэаканферэнцыі далучылася больш за 120 устаноў і арганізацый культуры.
Зборнік інфармацыйна-метадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі выдадзены Міністэрствам культуры пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама. Выданне адрасавана спецыялістам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, уласнікам гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама інвестарам.
Спікерамі мерапрыемства выступілі: Генадзь Ходар (кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры), Таццяна Жук (начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры), Інга Цімафеева (намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння Міністэрства культуры), Вадзім Зайцаў (начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама), Таццяна Хмель (намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама).
Падчас прэс-канферэнцыі ўвазе ўдзельнікаў была прадстаўлена структура і актуальнасць зборніка; агучаны новаўвядзенні заканадаўства аб культуры 2023 года, накіраваныя на ўдасканаленне і спрашчэнне работ на помніках архітэктуры; новаўвядзенні заканадаўства аб распараджэнні маёмасцю 2023 года, накіраваныя на ўдасканаленне парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і продажу руйніраваных ГКК; парадак распрацоўкі праектаў зон аховы і ўліковай дакументацыі; асаблівасці размяшчэнне рэкламы на ГКК; дзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы пра ГКК; фарміраванне рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў; узгадненне работ на ГКК катэгорыі “3”; павышэнне кваліфікацыі.
У ходзе мерапрыемства да спікераў паступалі пытанні пра парадак правядзення і рэгістрацыі маніторынгаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і выбару навуковых кіраўнікоў для работ на аб’ектах ГКК. Была агучана інфармацыя пра правядзенне ў Мінску з 13 па 17 лістапада курсаў па павышэнні кваліфікацыі для спецыялістаў, якія займаюцца пытаннямі аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Зборнік інфармацыйна-метадычных матэрыялаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі даступны для спампоўвання на сайце Міністэрства культуры kultura.by у раздзеле “Спадчына”.