зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйны роспіс па шкле і ткацтва "кажушком" атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей

20 сакавіка 2023 года статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены “Традыцыйнаму роспісу на шкле" ў г. Бярозе, аг. Спорава, аг. Стрыгінь Бярозаўскага раёна і г. Пружаны, в. Слабудка, в. Новыя Засімавічы Пружанскага раёна і "Традыцыйнай тэхналогіі ткацтва “кажушком” у г. Маларыце, в. Дарапеевічы, аг. Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Роспіс на шкле – від народнага мастацтва распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі з другой паловы XIX пачатку XX ст., калі ў народным побыце шкло становіцца больш даступным. Гістарычны арэал бытавання традыцыі на Брэстчыне – 24 населеных пункта ў Бярозаўскім і 17 населеных пунктаў ў Пружанскім раёнах.

Найбольшага развіцця роспіс на шкле дасягнуў у 1920-1960 гады, калі маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. Потым, амаль да 1980 гадоў адчувалася паступовае зніжэнне цікавасці да гэтага майстэрства. Знізілася колькасць майстроў, але нягледзячы на гэта, мастацтва роспісу на шкле працягвала існаваць у натуральным асяроддзі – адзінкавыя майстры працягвалі традыцыю і не давалі ёй цалкам знікнуць. Працэс аднаўлення гэтага віда творчасці распачаўся ў другой палове 1980-х гг. шляхам правядзення выстаў і майстар-класаў, конкурсаў, заняткаў з носьбітамі традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі.

Асновай беларускага роспісу на шкле былі чыстыя колеры без паўтона і колеравых пераходаў і выкарыстанне фольгі. Распісвалі шкло па рознаму: празрыстым колеравым лакам, падкладваючы скамканую фольгу; алейнымі ці друкарскімі фарбамі; часам распісвалі і шкло і падкладачную паперу, якая прасвечвалася скрозь празрысты лак.

Традыцыйная тэхналогія ткацтва “кажушком”- гэта лакальная традыцыя, якая існуе ў сваім аўтэнтычным выглядзе. Вопыт, назапашаны ў Маларыцкім раёне, перадаецца суседзям. 

У першай палове ХХ стагоддзя ўплыў гарадскога касцюма з яго тэндэнцыяй да спрашчэння і ўніверсалізацыі формаў, шырокае выкарыстанне штучных фарбавальнікаў з тэндэнцыяй да выкарыстання аднафарбавых тканін прывялі да карэннай змены ручнога хатняга ткацтва. Адны віды і часткі адзення выйшлі з ужытку, а тыя, што захоўваліся і ўзніклі, сталі больш зручнымі і простымі. Разам з ільнянымі і ваўнянымі тканінамі распаўсюдзіліся баваўняныя, шаўковыя і інш. З’явіліся невядомыя раней матэрыялы і спосабы ўпрыгожвання. І мужчынскія, і жаночыя касцюмы сталі больш разнастайнымі, сугучнымі часу. 

У 1930-я гг. ХХ стагоддзя колеравая гама адзення зрабілася больш стракатай. Спалучэнне колераў - смялейшым. Гублялася семантыка традыцыйнага для Заходняга Палесся геаметрычнага арнаменту, усе большае месца адводзілася раслінным узорам. Строгая геаметрыя ўзорыстых тканін разбуралася расліннымі матывамі пад назвамі “ружы” (ружы), “валошкі” (васількі) і інш. 

На Маларытчыне ад саматканага адзення пачалі паступова адыходзіць у сярэдзіне ХХ стагоддзя, пасля таго, як у людзей з’явіліся грошы на пакупку адзення. Паводле ўспамінаў народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк, ткаць перасталі, калі ў калгасах пачалі плаціць зарплату: “Хай і капейкі, але ж на адзенне хапала. Людзі куплялі, таму што самастойна вырабляць – гэта была праца на цэлы год”. Але не ва ўсіх было дастаткова грошай і ўсё роўна людзі яшчэ ткалі. У другой палове ХХ стагоддзя ўнікальная тэхналогія ткацтва “кажушком” была страчана. Узнавіць тэхналогію ткацтва “кажушком” атрымалася дзякуючы намаганням ткачыхі, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк. 

Зараз у раёне 8 ткачых, пераняўшых тэхналогію ткацтва, якія ўжо з’яўляюцца носьбітамі традыцыі, некаторыя працуюць у Маларыцкім цэнтры народнай творчасці.