зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

У Клімавічах завершана рэстаўрацыя былога асабняка князёў Мяшчэрскіх

У Клімавічах завершана рэстаўрацыя мясцовай гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднаго з самых яскравых помнікаў архітэктуры ХІХ ст. - былога асабняка князёў Мяшчэрскіх

Былі праведзены маштабныя аднаўленчыя работы, падчас якіх удалося не толькі вярнуць будынак да жыцця, але і аднавіць страчаныя элементы — выдатны балкон і вытанчаны ганак. Цяпер кожны мінак можа атрымаць асалоду ад пышнасці архітэктурнага стылю, які быў характэрны для таго часу.

Дом быў пабудаваны ў 1867 г. і належыў двараніну Мікалаю Мікалаевічу Мяшчэрскаму, буйнейшаму землеўладальніку Клімавіцкага павета. Маёнтак яго знаходзіўся ў вёсцы Мілаславічы. Да сядзібы было аднесена 3390 дзесяцін зямлі. У Клімавічах жа ён пабудаваў гарадскі дом у гонар нараджэння першай дачкі - княжны Марыі Мяшчэрскай. Да рэвалюцыйных падзей 1917 г. княжна пражывала ў гэтым доме, які стаў цэнтрам свецкага жыцця. У  1918 г. мясцовы рэвалюцыйны камітэт рэквізаваў будынак. А Марыя Мікалаеўна пераехала ў другі дом, непадалёк ад мясцовай царквы. 

У сцянах будынка ў розныя гады знайшлі прытулак розныя ўстановы: павятовы райком партыі, павятовы райком камсамола, дзіцячы дом і інтэрнат рамеснага вучылішча, вучэбныя класы школьных устаноў горада і школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, штаб па барацьбе з дыверсантамі. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны будынкі па вуліцы Савецкай былі знішчаны. І толькі будынак жылога дома князя Мяшчэрскага застаўся некранутым,  таму што немцы размясцілі ў ім клуб-казіно. Да самага апошняга моманту свайго адыходу спадзяваліся, што так будзе і надалей. Таму будынак і застаўся адзіным не спаленым на гэтай вуліцы. Пасля вызвалення ў 1943 г. памяшканне прыстасавалі пад часовы дзяцячы дом.

З 1978 па люты 2021 у будынку размяшчалася экспазіцыя Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея.

Па матэрыялах сайтаў https://kultura.by і https://heritage.gov.by