Падобную працу ў 1981 годзе выконваў бацька знакамітай ткачыхі - Фелікс Шунейка. Гэтая аснова 43 гады выкарыстоўвалася для стварэння унікальных габеленаў. Сам працэс неверагодна доўгі і складаны. Толькі ўявіце, адзін з этапаў - гэта навязванне нітак новай асновы да нітак старой. А гэта 4080 нітак. Майстрыхі плануюць скончыць працу да канца кастрычніка 2024 года і з гэтага моманту пачнецца адлік новай эры габеленаў.
Алена Шунейка працуе (з 1982 г.) метадыстам народнага музея сучаснага народнага і самадзейнага мастацтва пры Гродзенскім АМЦНТ, які быў заснаваны ў 1965 г. Яна стварае габелены ўжо каля 30 гадоў. Творчасць майстра па вырабу габеленаў засноўваецца на традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Гродзеншчыны. Часам майстрыха звяртаецца да тэхнікі гродзенскіх дываноў-кілімаў. Яна творча пераасэнсоўвае мясцовую ткацкую традыцыю і стварае арыгінальныя маштабныя і міні-габеленавыя кампазіцыі з выявамі помнікаў архітэктуры, гераічнымі сюжэтамі, стылізаванымі расліннымі матывамі. Алена Шунейка гарманічна спалучае традыцыйныя першаўзоры з творчым аўтарскім падыходам.
У 1947 г. Фелікс Антонавіч Шунейка (бацька Алены Шунейка), быў ініцыятарам заснавання лабараторыі па ткацтву. Ён жа прапанаваў удасканаліць пераборнае аднабаковае ткацтва («закладанне»), каб атрымаць магчымасць выконваць складаныя дэкаратыўныя і сюжэтныя кампазіцыі маштабных памераў. Былі створаны аўтарскія гарызантальныя кросны з 6-метровым бёрдам, што дазваляла працаваць адначасова пяці ткачам. Таксама пачалася выкарыстоўвацца вялікая гама (каля 500 колераў у адным габелене) каляровых адценняў. Гэта наблізіла гродзенскі метад ткацтва габеленаў да сярэдневяковых шматколерных шпалер. У 1980-х гг. дзейнасць лабараторыі была ўзноўлена Аленай і Яўгенам Шунейкамі. Феліксам Шунейкам былі распрацаваны новыя вертыкальныя кросны вялікіх памераў са своеасаблівым размяшчэннем асновы і іншымі тэхнічнымі прыстасаваннямі, што дазваляла сачыць за малюнкам (бачыць адразу два метры палатна) і ўносіць у яго своечасовыя змяненні. Гэты аўтарскі вертыкальны станок сёння адзіны на Беларусі.
Алена Шунейка ў 2001г. пераняла тэхналогію падвойнага ткацтва ад Я. Райскай, якая выступала як носьбіт і транслятар традыцыі. Яскравы напрамак у творчасці Алены Шунейка – аўтарскі мастацкі габелен у тэхніцы традыцыйнага падвойнага ткацтва (на гарызантальных кроснах). Ткачыха таксама выкарыстоўвае метад стварэння габеленавых кампазіцый на рамах.
Творчасць майстра па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Алены Шунейкі з'яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.