Шыфр
112Г000562
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, Пінскі раён, в. Заполле
Датаванне
1920 г.
Стыль
Псеўдабарочны з элементамі класіцызму
Апісанне
У 20-я гг. ХХ ст. Запольскі маёнтак стаў асноўнай рэзідэнцыяй Плятэраў. У гэты час у Заполлі існаваў стары пейзажны парк, у якім Плятэры пабудавалі новы палац, які меў больш сціплы выгляд, чым папярэдні стары дом, што быў знішчаны ў 1-ю сусветную вайну.
Гэта быў П-падобны ў плане аднапавярховы драўляны будынак накрыты ламаным вальмавым дахам. 2 мураваныя 4-калонныя порцікі тасканскага ордэра з 3-вугольнымі франтонамі афармлялі ўваходы. У планіроўцы дома выкарыстоўвалася анфіладна-калідорная сувязь памяшканняў. У цэнтральнай частцы быў двухсветлавы вялізны вестыбюль, які праз шырокі праём злучаўся з параднай залай. У крылах размешчаны службовыя памяшканні з асобнымі бакавымі ўваходамі. Унутраная аздоба палаца была даволі багатая. Тут былі рэшткі каштоўнасцей, уратаваных у час пажару старога дома, у т.л. мэбля, партрэты продкаў сям'і, іншыя рэчы.
Шэраг айчынных даследчыкаў палацава-паркавай архітэктуры Беларусі лічаць, што Запольскі палац паходзіць з канца XVIII - пачатку XIX ст. На самай справе Запольскі палац пабудаваны ў 1920-я гады.
Палац яшчэ існуе да сённяшняга часу і знаходзіцца ў крайне занядбаным стане.
Акрамя будынка сядзібы, захаваўся парк, у якім растуць векавыя дубы, клёны, каштаны і інш. мясцовыя пароды дрэў.
Палацава-паркавы ансамбль узяты на ўлік і пад ахову дзяржавы. Пры належных адносінах мясцовай улады і гаспадароў, пасля рэстаўрацы ў ім можа быць размешчана бібліятэка-музей.