Шыфр
711Е000001
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
ХІ - ХХ стст.
Апісанне
Гістарычны цэнтр г. Мінска складаецца з Верхняга горада (вул. Зыбіцкая, 27, вул. Герцэна, 2, 2А, 4, 6, 8, 10, 12, 12/1, вул. Інтэрнацыянальная, 9/17, 11, 11а, 13, 13А, 21/3, 23, 25, 27, 29, 29А, 31, 33, 33А, 33Б,
вул. Камсамольская, 5, 5А, 7, 9/16, 11 /7, 13, 13А, 15, 15А, зав. Музычны, 1 (ліцер Б3/К, В2/К), 3,
вул. Рэвалюцыйная, 3, 4, 6, 6Б, 6В, 8, 9, 9А (інвентарны нумар 500/С-5657), 10 (інвентарны нумар 500/С-1981), 12, 14, пл. Свабоды, 2А, 5, 7б, 11;), квартала, які прымыкае да Верхняга горада (вул. Гарадскі Вал, 8, 10, 12, корпусы 1 і 2, вул. Інтэрнацыянальная, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 14, 16, вул. Камсамольская, 6, 12, 18, 20А, вул. Рэвалюцыйная, 9, 13, 15, 15А, 17, 22, 24, 24А, 24Б, 26, 26А, 28, 32; ), замчышча, Траецкага прадмесця (вул. М.Багдановіча, 3, 7, 7А, 9, 9А, 11, 13 (тры будынкі), 17А, 19, 21, Траецкая набярэжная, 4, 6, 8, вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16, вул. Старажоўская, 3, 5;) і Ракаўскага прадмесця (вул. Віцебская, 10, 11, 21, 21А, вул. Вызвалення, 3, 5, 6 (інв. № 500/583-232), 7, 9, 11, 13, вул. Замкавая, 25, вул. Замкавая, 27, вул. Замкавая, 27А, вул. Ракаўская, 2А, 12, 12А, 14, 14А, 15, 16, 16А, 17, 18, 19, 19А, 20/15, 23, 24, 25, 26, 30, 32, вул. Шпалерная, 6А).
Цэнтрам старажытнага Мінска з’яўляецца замчышча. Дзядзінец Мінска (умацаваная частка горада) быў заснаваны ў другой палове ХІ ст. на двухметровым ўзвышшы сярод нізкай мясцовасці правабярэжнай поймы р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Няміга для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства. Пры гэтым трэба адзначыць, што летапісны Мінск узнік за 16 – 20 км на захад ад дзядзінца другой паловы ХІ ст, каля в. Строчыца, на рацэ Менка. Затым у другой палове ХІ ст. гарадзішча было перанесена на правы бераг р. Свіслач ля вусця Нямігі.
Старажытны дзядзінец Мінска займаў тэрыторыю ад берага Свіслачы на паўночны захад 250 – 300 м пры шырыні 100 – 150 м. Плошча ўмацаванай часткі старажытнага горада прыкладна складала 3 га. Мінск у ХІІ ст. меў магутныя ўмацаванні, якія ператварылі горад у непрыступную крэпасць. Замак быў умацаваны земляным валам вышынёй каля 8 м. Пясчана-жвіровы насып дасягаў у шырыню 20 – 25 м. Умацаваны Мінскі замак быў абаронены вадзяным ровам. Тут працякала, абгінаючы ўмацаванні і ўпадаючы пад сценамі замка ў Свіслач, рака Няміга. У ХІІ – ХІІІ стст., на думку археолагаў, на замку налічвалася прыкладна 80 – 82 двары. У замку ў ХІІ – ХІІІ стст. жылі мінскія князі і знаходзілася княская дружына, у вялікакняскі перыяд пражываў намеснік вялікага князя, размяшчаўся гарнізон, праводзіліся шляхецкія соймікі, у пачатку XVI ст. ў ім быў двор кіеўскага мітрапаліта Іосіфа і тут знаходзіўся адзін з найстаражытных храмаў Мінска – саборная царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Менавіта з гэтым саборам звязана легенда аб цудатворным абразе Божай Маці, які з'явіўся на беразе Свіслачы 13 – 26 жніўня 1500 г. Абраз быў змешчаны ў замкавай царкве Раства Багародзіцы і стаў апекуном Мінска і яго жыхароў. У канцы ХІ – пачатку ХІІ ст. тэрыторыя горада абмяжоўвалася плошчай замка. У ХІІ – ХІІІ стст. на прылеглай да замка тэрыторыі паступова фарміруецца гарадскі пасад. Пасадскія паселішчы ХІІ – ХІІІ стст. былі таксама на левым беразе Свіслачы, насупраць дзядзінца. Кераміка гэтага часу знойдзена ў дварах на вуліцах Старавіленскай, Максіма Багдановіча, Траецкай Набярэжнай і на тэрыторыі былой 2-й гарадской бальніцы (вул. М.Багдановіча, 2). Агульная плошча паселішчаў, як мяркуецца, складала 18 га, аднак яна рэдка была забудавана.
У XVI ст. ў Мінску адбыліся істотныя горадабудаўнічыя пераўтварэнні, выкліканыя пажарамі ў 1547, 1552 і 1569 гадах. Падчас вялікага пажару ў 1547 г. замак цалкам згарэў. У другой палове XVI – пачатку XVII ст. адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр горада з замка быў перанесены на новае месца (сучасная пл. Свабоды). Перапланіроўка не закранула самога старажытнага Замчышча, раёна сучасных вуліц Нямігі, Ракаўскай, Дзімітрава (былая вул. Татарская). Не закранула яна і старажытнай вуліцы-дарогі ўздоўж р. Свіслач, вядомай пазней як вуліцы Зыбіцкая, Балотная, Гандлёвая. Да XVII ст. замак паступова страціў сваё абарончае значэнне і ператварыўся ў адзін з жылых раёнаў горада. Вядома, што яшчэ ў 1750 г. ў замку стаяў замкавы гарнізон з харунжым, вал быў у спраўным стане. Рэшткі замкавага вала захоўваліся да канца XVIIІ ст. і зафіксаваны на планах Мінска канца XVIIІ – пачатку ХІХ ст.
У канцы XVI – XVII ст. на ўзвышшы на поўдзень ад Ніжняга рынку быў створаны якасна новы цэнтр – пл. Высокі рынак (сучасная пл. Свабоды), якая ўяўляла сабой прамавугольнік (220х140 м), ад якога разыходзіліся галоўныя вуліцы ў паўднёвым і заходнім напрамках. Да 1600 г. ў цэнтры плошчы ўжо была пабудавана мураваная ратуша, у якой знаходзіўся орган гарадскога самакіравання – магістрат, і гасціны двор. Па перыметры плошчы былі ўзведзены комплексы ўніяцкіх і каталіцкіх кляштараў (дамініканскага, бернардзінскіх), дамы феадалаў, купцоў, багатых рамеснікаў. На паўночна-ўсходнім баку плошчы размяшчаўся комплекс мужчынскага і жаночага базыльянскіх манастыроў з царквой Святога Духа. Ансамбль уніяцкіх манастыроў быў закладзены ў пачатку XVII ст. каля драўлянай царквы Святога Духа, пабудаванай у XVI ст. У 1630 – 1640-я гады была пабудавана мураваная Святадухаўская царква, у 1641 г. закладзены жаночы манастыр, фармаванне ўсяго ансамбля было завершана ў 1650-я гады. У XVII ст. царква з'яўлялася дамінантным элементам не толькі манастырскага комплексу, але і Высокага рынку. На паўночным баку плошчы знаходзіўся яшчэ адзін парны комплекс мужчынскага і жаночага бернардзінскіх кляштараў. Кожны з іх уяўляў сабой аўтаномны замкнёны комплекс, які складаўся з касцёла, жылога корпуса і гаспадарчых пабудоў. У плане горада яны падзяляліся вуліцай, якая атрымала назву Бернардзінская. Яна вяла ад плошчы Высокага рынку ў бок Свіслачы. Паўночна-заходні бок плошчы займалі жылыя дамы. Ад плошчы разыходзіліся асноўныя вуліцы. У паўночным напрамку, да ракі Свіслачы, ішлі вуліцы Бернардзінская (сучасная вул. Кірыла і Мяфодзія) і Зазыбіцкая (сучасная вул. Герцэна), у паўночна-ўсходнім напрамку – зав. Семінарскі (сучасны зав. Музычны), ва ўсходнім напрамку – вул. Валоцкая або Валокі-Полацкія (сучасная вул. Інтэрнацыянальная), у паўднёва-ўсходнім напрамку - вул. Дамініканская (сучасная вул. Энгельса) і вул. Францішканская (сучасная вул. Леніна), у паўднёва-заходнім напрамку – вул. Койданаўская (сучасная вул. Рэвалюцыйная) і Зборавая (сучасная вул. Інтэрнацыянальная), у паўночна-заходнім напрамку - вуліцы Школьная і Казьмадзям'янаўская (не існуюць), якія звязвалі плошчу Высокага рынку з Ніжнім рынкам. З паўночнага ўсходу Верхні горад агінала вул. Зыбіцкая. У большасці сваёй вуліцы атрымалі аднайменныя назвы з размешчанымі на іх значнымі культавымі збудаваннямі.
У другой палове XVII ст. Мінск неаднаразова падвяргаўся разбурэнням падчас воін і пажараў. Асабліва моцна пацярпеў горад у руска-польскую вайну 1654 – 1667 гг. У 1694 г. вялікія разбурэнні гораду нанёс пажар. Аб грамадзянскай забудове горада ў XVI – XVII стст. звестак няшмат. Як адзначаюць даследчыкі, у канцы XV – XVI ст. узмацніўся працэс маёмаснага расслаення феадальнага грамадства, што, несумненна, адбілася і на забудове горада. Пісьмовыя крыніцы XVI – XVII стст. пераканаўча сведчаць аб росце ў Мінску зямельных уладанняў феадалаў, кляштараў, багатых рамеснікаў, купцоў і адлюстроўваюць адрозненні ў характары жылля феадалаў і простых гараджан. У XVIІ ст. Ў Мінску вялося інтэнсіўнае будаўніцтва як новае, так і праводзілася рэканструкцыя ўжо існуючых будынкаў. На паўднёва-заходнім баку плошчы Высокага рынку на месцы невялікага рэнесанснага палаца Ягора Гегера было пачата будаўніцтва комплексу езуіцкага калегіума. Комплекс езуіцкага калегіума фактычна завяршыў фарміраванне архітэктурна-планіровачнай структуры новага цэнтра Мінска – Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды). У цэлым вулічную сістэму гістарычнага цэнтра Мінска XVI – XVIII стст. можна характарызаваць як радыяльна-веерную, таму што вуліцы адыходзілі ад цэнтра ў напрамку выездаў з горада. Галоўны дыяметр Мінска, які перасякаў горад з захаду на ўсход, складалі вул. Нямігская і вул. Траецкая. Такім чынам, перыяд XVI – XVIII стст. характарызаваўся значным ростам тэрыторыі горада, ускладненнем планіровачнай структуры і актыўнай забудовай. На поўдзень ад замчышча сфарміроваўся новы адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр – Высокі рынак з ратушай і гасціным дваром, па перымітры забудаваны капітальнымі мураванымі кляштарнымі комплексамі і грамадскімі будынкамі. Вакол Высокага рынку сфарміраваліся жылыя кварталы, якія атрымалі назву Верхні горад. Асноўнымі вуліцамі ў Верхнім горадзе былі: Францішканская (цяпер вул. Леніна), Зборавая і Валоцкая (цяпер вул. Інтэрнацыянальная), Юр’еўская (не існуе), Зыбіцкая, Бернардзінская (цяпер вул. Кірыла і Мяфодзія), зав. Бернардзінскі (цяпер вул. Герцэна), Дамініканская (цяпер вул. Энгельса), Казьмадзям’янаўская, Школьная (не існуюць), Койданаўская (цяпер вул. Рэвалюцыйная), Феліцыянаўская (цяпер вул. Камсамольская), Нямігская (вул. Няміга). У Ракаўскім прадмесці асноўнымі вуліцамі былі Ракаўская і Васкрасенская (цяпер вул. Вызвалення), у Траецкім прадмесці: вуліцы Траецкая (цяпер М.Багдановіча), Віленская Набярэжная (цяпер Старавіленская), на замчышчы – вул. Замкавая, Старамясніцкая, Нова-Мясніцкая, Падзамкавая (не існуюць).
Сур'ёзным бедствам для Мінска ў ХІХ ст. былі пажары. Вялікую шкоду нанеслі яны гораду ў 1809, 1813, 1822, 1835, 1865 і 1881 гадах. 30 мая 1835 г. падчас пажару згарэла цэнтральная частка горада (каля 400 жылых дамоў, бернардзінскія кляштары, гімназія і г.д.). Пасля пажару 1835 г. былі перабудаваны былая царква св. Духа і корпус мужчынскага манастыра. Перабудова царквы істотна сказіла знешні выгляд рэнесанснага храма. Мужчынскі манастырскі корпус быў перабудаваны для прысутных месцаў па праекце архітэктара К. Хршчановіча ў стылі класіцызму. Будынак стаў П-падобны ў плане. Пазней будынак дапоўніўся чацвёртым корпусам. З нязначнымі зменамі ён захаваўся да нашага часу (пл. Свабоды, 23). Наступны спусташальны пажар адбыўся 17 мая 1865 г. Яшчэ адзін пажар, які знішчыў 265 домаўладанняў у цэнтры горада, адбыўся 21 чэрвеня 1881 г. Гэты пажар прывёў да значнага пераўтварэння аблічча цэнтральнай часткі горада, бо пасля яго пачалася планамерная забудова пляцаў толькі мураванымі дамамі. Пасля апошняга пажару ў цэнтры горада на гарадскім участку, размешчаным на рагу вул. Праабражэнскай (вул. Інтэрнацыянальная) і Раманаўскай (вул. Гарадскі Вал), па праекце архітэктара І.Я. Чалі-Сурыева ўзведзены мураваны будынак пажарнага дэпо. Будаўнічыя працы пачаліся ў канцы красавіка 1885 г. Скончана будаўніцтва 21 лістапада 1885 г.
У другой палове ХІХ ст. ў пэўнай ступені змяняецца архітэктурнае аблічча Высокага рынку. У 1850-я гады была знесена ратуша. У 1853 годзе вежу езуіцкага калегіума з гадзіннікам на ёй прыстасавалі ў пажарную каланчу. У 1860-я гады Высокі рынак быў перайменаваны ў Саборную плошчу. Упершыню гэта назва з'явілася ў дакументах у 1866 г. Многія каталіцкія кляштары былі зачынены пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 – 1831 гг. Тыя, якія яшчэ дзейнічалі, былі скасаваныя пасля паўстання 1863 – 1864 гг. У маі 1892 г. была пабудавана першая лінія конкі, якая пралягла праз гістарычны цэнтр. Галоўная лінія ішла ад Саборнай плошчы да Брэсцкага і Віленскага вакзалаў. Затым галоўная лінія была падоўжана ад Саборнай плошчы па Манастырскім завулку (вул. Кірыла і Мяфодзія), вул. Гандлёвай (вул. Зыбіцкай) да Ніжняга рынку. У наступным 1893 г. была пабудавана конна-чыгуначная дарога ад Свіслачы па вул. Аляксандраўскай (цяпер вул. М.Багдановіча) да піваварнага завода на вул. Старажоўскай. У 1898 г. была здана ў эксплуатацыю новая Няміга-Захар’еўская лінія. У 1906 – 1908 гг. на рагу вул. Губернатарскай (вул. Леніна) і Саборнай плошчы (пл. Свабоды) была пабудавана гасцініца "Еўропа". Гэта быў самы буйны грамадзянскі будынак у дарэвалюцыйным Мінску, а выразныя па пластыцы фасады вылучаліся высокай якасцю дэкаратыўнай апрацоўкі (гасцініца была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адноўлена ў 2007 г.). Таксама ў 1909 г. у цэнтры плошчы быў перабудаваны былы гасціны двор. Над часткай комплексу быў надбудаваны яшчэ адзін паверх, дэкор паўднёва-заходняга фасада выкананы ў стылі мадэрн.
У 1919 г. Мінск стаў сталіцай БССР, што абумовіла яго далейшае развіццё як буйнога адміністрацыйнага, прамысловага, навуковага і культурнага цэнтра Беларусі. Як вядома, у 1920 – 1930-я гг. актыўна вялася барацьба з рэлігіяй. Ужо ў 1918 г. было зачынена духоўнае вучылішча (вул. Рэвалюцыйная, 2/13) і там размясціліся 81-я пяхотныя камандныя курсы, Інстытут беларускай культуры, Наркамат асветы, Наркамат аховы здароўя. У 1925 г. была зачынена Спаса-Праабражэнская царква на вул. Інтэрнацыянальнай. У 1935 годзе быў зачынены Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор на пл. Свабоды, а ў 1936 годзе знесены.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мінск фактычна ляжаў у руінах. Амаль поўнасцю быў разбураны цэнтр горада. Былі пашкоджаны і не падлягалі аднаўленню дамініканскі касцёл з кляштарам, Праабражэнская царква з кляштарам (былы бенедыкцінскі), езуіцкі калегіум і г.д. Ваенныя разбурэнні і горадабудаўнічыя пасляваенныя пераўтварэнні прывялі да значных стратаў планіроўкі і забудовы ў гістарычным цэнтры горада. Не была адноўлена забудова замчышча, кварталаў паміж замчышчам і пл. Свабоды, з паўднёва-ўсходняга боку пл. Свабоды, на месцы якіх цяпер пл. Кастрычніцкая. У 1950-я гг. былі перабудаваны былы езуіцкі касцёл у спартыўную залу (архітэктар М.Драздоў), будынак былой езуіцкай школы, пазней дом губернатара ў музычны ліцэй (архіт. Д.Левін), на месцы будынка калегіума пабудаваны жылы дом № 11 (архіт. А.Брэгман), на рагу з вул. Інтэрнацыянальнай жылы дом № 5 (архіт. А. Брэгман і Л. Гальдштэйн). На паўднёва-ўсходнім баку плошчы пабудавалі будынак кансерваторыі (цяпер акадэмія музыкі, архіт. Р.Гегарт), будынак аблвыканкама (арх. В.Волчак). Былі пабудаваны новыя дамы ў кварталах па вул. Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай. У 1960 – 1970-я гады была канчаткова знішчана планіроўка раёна Замчышча ў выніку пракладкі Паркавай магістралі (былы пр. Машэрава, цяпер пр. Пераможцаў), якая прайшла прама праз цэнтр старажытнага дзяцінца. У 1970-я гады быў ажыццёўлены знос гістарычнай забудовы вул. Няміга, у 1960 – 1980-я гг. была знесена забудова вул. Зыбіцкай. У наш час на тэрыторыі гістарычнага цэнтра знаходзяцца штучна ізаляваныя адзін ад другога фрагменты старажытных архітэктурна-планіровачных комплексаў. На правым беразе Свіслачы: Верхні горад і квартал, які прымыкае з заходняга боку (раён сучаснай пл. Свабоды і прылеглых вуліц), замчышча (па сутнасці існуе толькі ў выглядзе археалагічных культурных пластоў на тэрыторыі сучаснай пл. 8 Сакавіка, пр-та Пераможцаў і ўнутры кварталаў на захад ад пр-та), Ракаўскае прадмесце (раён вуліц Ракаўскай і Вызвалення). На левым беразе Свіслачы знаходзіцца Траецкае прадмесце, прадстаўленае забудовай аднаго квартала. Найбольшаму знішчэнню падверглася замчышча – цэнтр старажытнага Мінска. На ім існаваў археалагічны і гістарычны помнік ХІІ – XVIІІ стст. – Мінскі замак і гістарычная планіроўка. У сярэдзіне – другой палове ХІХ ст. было шчыльна забудавана двух-трохпавярховымі мураванымі дамамі. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі рэшткі забудовы былі знесены, у 1950-я гг. зрыты рэшткі абарончага вала з боку Свіслачы, з будаўніцтвам пр-та Пераможцаў (тады Паркавай магістралі) і пл. 8 Сакавіка ўвесь раён атрымаў новую планіроўку. Пр-т Пераможцаў аддзяліў замчышча ад Ракаўскага прадмесця. У канцы 1960 -- пачатку 1970-х гадоў пры пракладцы новай вул. Няміга была знішчана старая гістарычная вул. Няміга і была разарвана гістарычна сфарміраванае архітэктурна-планіровачнае адзінства Верхняга горада, замчышча і Ракаўскага прадмесця.
Пасля 1987 г. распачаліся комплексныя навукова-даследчыя і праектныя работы па дэталёвай планіроўцы, рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленні і добраўпарадкаванні гістарычнага цэнтра. Былі рэстаўраваны фасады былых бернардзінскіх кляштарных комплексаў, былога базыльянскага манастыра, Езуіцкага касцёла, Петра-Паўлаўскай царквы, адноўлена пад канцэртную залу былая Свята-Духаўская царква на пл. Свабоды, гарадская ратуша, гасцініца “Еўропа”, сядзіба Ваньковічаў па вул. Інтэрнацыянальнай, сядзібны дом на пл. Свабоды. Рэканструявана з рэстаўрацыяй забудова вуліц Інтэрнацыянальнай, Рэвалюцыйнай, Камсамольскай, Ракаўскай, Вызвалення, Замкавай, Віцебскай, Герцэна, Музычным завулку, вуліц М.Багдановіча, Старавіленскай, Траецкай Набярэжнай, Старажоўскай, адноўлена забудова на месцы страчанай па цотным баку вул. Зыбіцкай, і ў двары былога жаночага базыльянскага кляштара.