Шыфр
312Г000407
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён, аг. Юравічы, вул. Горная, 9
Апісанне
Комплекс калегіума знаходзіцца ў цэнтры вёскі, на высокім узгорку. Пабудаваны ў 1717-1746 гг. з цэглы на месцы былога драўлянага кляштара. Паводле падання, спачатку тут існавала праваслаўная царква, ад якой застаўся цудатворны абраз Маці Божай. Езуіты з'явіліся ў Юравічах у 1673 г. Адзін з іх для абраза "Маці Божая Замілаванне" паставіў драўляную капліцу. Слава аб абразе пачала прыцягваць сюды паломнікаў. У 1681 г. узведзены драўляны касцёл і дом езуіцкай місіі для 4 ксяндзоў. Драўляная місія ў 1705 г. згарэла, наўмысна падпаленая рэзчыкам Казімірам Яроцкім. Неўзабаве езуіты распачалі будаўніцтва муравана касцёла і кляштарнага корпуса. Асноўныя работы, па некаторых звестках, былі завершаны ў 1726 г., але на працягу наступных двух дзесяцігоддзяў (да 1746 г.) працягваліся аддзелачныя работы. Да 1750 г. тут была езуіцкая рэзідэнцыя. Урачыстае ўнясенне цудатворнага абраза "Маці Божай" у мураваны касцёл адбылося 5 верасня 1758 г. З 1778 г. дзейнічаў езуіцкі калегіум, былі адкрыты школа і бурса. Комплекс калегіума ў плане меў рэгулярную планіроўку. Быў абнесены мураванай агароджай (вышыня 2,8 м, таўшчыня 0,7 м). У агароджу былі ўключаны 8 вежачак (дыяметр 4,3 м, вышыня 6,4 м), крытых дахоўкай. Вежы размяшчаліся па кутах агароджы і у цэнтры прадольных сцен. Мажліва, яны выконвалі абарончыя функцыі, бо мелі байніцы. Замкнёная тэрыторыя калегіума дадаткова падзялялася на 3 унутраныя замкнёныя дворыкі. У паўднёвым дворыку знаходзіўся касцёл, які займаў цэнтральную частку прасторы. Паўночны ўчастак тэрыторыі калегіума ў сваю чаргу падзяляўся яшчэ на 3 асобныя дворыкі: адкрыты -- для калегіума, малы, замкнёны -- для манахаў, складаны Г-падобны ў плане -- гаспадарчы. На ім існавалі прыбудаваныя да паўночнай сцяны агароджы мураваныя аднапавярховыя хлеў, стайня, кухня з лядоўняй, вінакурня, аб'яднаныя агульным дахам, драўляны свіран. Сад знаходзіўся ўнутры агароджы. Пасля скасавання ордэна кляштар трапіў да капуцынаў, у 1787 г. тут пасяліліся дамінканцы, затым у 1799 г. -- мазырскія бернардзінцы. Пасля паўстання 1830-31 гг. кляштар і касцёл закрыты і перададзены ў праваслаўнае ведамства. У 1840 г. вернуты католікам як парафіяльны, але пад апекай свецкай улады. Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг. 27 лістапада 1864 г. зноў закрыты. У 1865 г. касцёл пачалі перабудоўваць паводле праваслаўных канонаў. У 1865 г. спешна правялі некаторыя работы ўнутры былога касцёла, якія тычыліся галоўным чынам устаноўкі іканастаса. Трох'ярусны іканастас выканаў майстар Антон Саковіч, абразы для іканастаса былі напісаны як копіі з абразоў мінскага кафедральнага сабора. У алтары перад іканастасам разабралі падлогу з плітак і цэглы, зрабілі драўляную з павышэннем на тры прыступкі. Разабралі лесвіцы і галерэі перад цудатворным абразом "Маці Божай", абраз перамясцілі ў іканастас. На званіцы ў новым парадку павесілі званы, перакаваўшы ў іх языкі. Работы гэтыя выканалі за два тыдні, з 20 жніўня па 7 верасня і 8 верасня 1865 г. былы касцёл перасвяцілі ў царкву. Касцёл захаваўся часткова. Кляштар выкарыстоўваўся медыцынскай установай. Цяпер тут праваслаўны манастыр.